188-я гвардзейская інжынерная брыгада прапанавала школьнікам Магілёва акунуцца ў вайсковае жыццё

7 декабря 2019
188-я гвардзейская інжынерная брыгада прапанавала школьнікам Магілёва ўнікальную магчымасць. На некалькі хвілін акунуцца ў вайсковае жыццё -  пазнаёміцца з побытам ваенных, прымерыць ваенную амуніцыю. Адчуць сябе вадалазам і сапёрам. 

Атрымаўся цікавы і незвычайны экскурс – пераканаўся Андрэй Ястрабаў.  ГМЗ - гусенічны мінны загараджальнік. Інжынерная тэхніка, якая і дагэтуль на ўзбраенні беларускай арміі. Сімвал эпохі. І 188-й гвардзейскай інжынернай брыгады ў Магілёве. 

Цяпер гэтая машына - упрыгажэнне часці, гісторыя якой непарыўна звязана з подзвігамі Вялікай Айчыннай. Гэта і ўдзел у прарыве блакады Ленінграда у 1943-м, і вызваленне сталіцы Беларусі. Тут з поспехам рыхтуюць і сёння высокапрафесійных воінаў. Якім чынам - даведацца прапанавалі магілёўскім школьнікам. Праз квэсты. Пачалі менавіта з побыту салдата, які напоўнены армейскімі нюансамі. Па-першае, трэба ідэальна роўна заправіць ложак. Камандзіры супакойваюць: у арміі ўсё прыходзіць з вопытам. 

Па-другое, умець падшыць каўнерык. Галоўная умова, каб апрануць форму. Аказваецца, нават колькасць сцежак мае значэнне. І толькі потым - сродкі індывідуальнай абароны: каска і браня. 10-кілаграмовы абавязковы атрыбут. Важкі. Інакш нельга. 

Высветлілася, для некаторых зусім не цяжкая справа разабраць АК. Бо сярод 11-класнікаў аказаліся выхаванцы патрыятычных класаў, за плячыма якіх нямала збораў.  Знаёмства са сродкамі сувязі. І галоўнай спецыфікай брыгады - яна адзіная рыхтуе вадалазаў для сілавых структур краіны. Нават для спецпадраздзялення "Алмаз". Школьнікаў пазнаёмілі са спецыфікай работы пад вадой. 

15 заявак сёлета паступіла ваенным на падводнае размініраванне небяспечных знаходак часоў Вялікай Айчыннай. Увогуле ж, абясшкодзілі звыш трохсот. Школьнікі ўражаныя такой службай, дзе ёсць месца і гераізму.  А яшчэ - што такое армейскае братэрства, без якога і пераправу не наладзіць. Дарэчы, усяго за 40 хвілін. Яшчэ адна задача інжынерных войскаў. Камандаванне часці ўпэўненае: гэтыя хлопцы абавязкова вернуцца. Ужо ў якасці выдатных навабранцаў.