14 кастрычніка адзначаецца Сусветны дзень паліятыўнай і хоспіснай дапамогі

14 октября 2017

Для Беларусі гэта пытанне таксама актуальна. Амаль паўтара года таму быў адкрыты новы будынак дзіцячага хоспіса. Праект поўнасцю дабрачынны - яго узвялі на ахвяраванні тысяч неабыякавых беларусаў. Расказаць пра хоспіс і яго штодзённыя справы сёлета вырашылі праз новую дабрачынную акцыю. Наталля Кузьміцкая з падрабязнасцямі (відэа).

Рознакаляровы вясёлы плед створаны не толькі каб саграваць, але і ўзнімаць настрой. Асаблівую каштоўнасцю цёплай коўдры надаюць не дарагія ніткі ці мудрагелістыя ўзоры, а пяшчота і клопат, з якімі яна створана.

Віка Тарасевіч адна з першых атрымала самаробны ўтульны плед – адзін маленькі пазл з вялікай вязанай мазаікі акцыі Беларускага дзіцячага хоспіса «Звязаныя дабром». Праект стартаваў яшчэ ў снежні і аб'яднаў людзей самых розных прафесій і заняткаў у творчай і дабрачыннай ініцыятыве.

Фінал акцыі планавалі на 14 чэрвеня, у гадавіну адкрыцця новага будынка хоспіса, але цікавасць да яе натхніла арганізатараў на тое, каб працягнуць вязаны праект да восені – да Сусветнага дня паліятыўнай дапамогі.

Вялікае пакрывала ў 50 добрых руках валанцёраў ахутала дзіцячы хоспіс, пасля ўсе маленькія пледзікі адправяць падапечным сем'ям хоспіса ва ўсе рэгіёны краіны. За прыгожым жэстам - вялікі сэнс. Галоўная мэта вязанага марафону – расказаць, што такое паліятыў, якія праблемы сёння існуюць пры аказанні сацыяльнай, духоўнай і медыцынскай дапамогі невылечна хворым людзям.