14 фотаздымкаў Палаца Румянцавых - Паскевічаў прэзентавалі ў Гомелі

12 ноября 2016

Фатаграфічны альбом - абсалютны рарытэт. Здымкі ніколі не выстаўляліся і да апошняга часу знаходзіліся ў прыватнай калекцыі. З унікальным экспанатам азнаёміўся Яўген Пабалавец.

14 фотаздымкаў пачатку XX стагоддзя. Альбом “Гомель-1911” – экспанат сапраўды ўнікальны. Ён існуе ў адзінкавым экзэмпляры. Мяркуюць, што ён быў выдадзены да 55-годдзя ўступлення ва ўладанне маёнткам Фёдара і Ірыны Паскевічаў ці ў якасці падарунка асабліваму госцю, хутчэй за ўсё, з царскай сям’і. Цікавая і сама гісторыя набыцця альбома.

Таццяна Ліцвінава, загадчыца аддзела музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля:

"Я была на канферэнцыі ў Маскве, і адзін з работнікаў падказаў, што ў Маскве дзесьці блукае калекцыя фатаграфій Гомеля таго часу. Затым пачалася амаль дэтэктыўная гісторыя. Мы шукалі інфармацыю аб фатаграфіях, аб уладальніку. Потым знайшлі".

Набыць альбом у прыватнага калекцыянера дапамоглі гомельскі антыквар і адзін з беларускіх банкаў. Дакладны кошт рарытэта не называецца - гэта камерцыйная тайна.

У найбліжэйшы час альбом будзе накіраваны на рэстаўрацыю, а таму ўбачыць яго ў экспазіцыі пакуль нельга. Вялізную цікавасць гамяльчан да гэтага экспаната пакуль задаволілі фотакопіямі здымкаў. Яны выстаўлены ў адной з галерэй.

Альбом некрануты рэстаўратарамі - у гэтым яго галоўная каштоўнасць. Арыгінальныя фотаздымкі дапамогуць спецыялістам у аднаўленні палаца і парку ў яго тагачасным выглядзе. Пры гэтым у адміністрацыі палацава-паркавага ансамбля спадзяюцца, што гэта не апошняе каштоўнае набыццё і нават называюць экспанат, які тут вельмі хочуць бачыць.

Таццяна Ліцвінава, загадчыца аддзела музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля:

"У нас ёсць карціна Паскевіча на кані. Калекцыянер перадаў нам на захоўванне. Ён выкупіў гэту карціну на аўкцыёне ў Маскве. Кошт яе вялікі. Мы марым яе купіць, вядома, з часам".

Улічваючы гістарычную каштоўнасць і значны ўзрост рарытэта, рашэнне аб свабодным доступе да яго прымуць толькі пасля рэстаўрацыі.