145 гадоў з дня нараджэння знакамітага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі

4 марта 2017

Яго мемарыяльныя пейзажы экспануюцца зараз у Нацыянальным мастацкім музеі, фонды якога захоўваюць амаль паўтысячы твораў - эцюдаў і карцін. Адзначаецца юбілейная дата і на радзіме. Выстава маладых паслядоўнікаў мастака адкрылася ў Магілёўскім абласным мастацкім музеі.

Расказвае Андрэй Ястрабаў: “Я - беларус… Я адкрыў для сябе ні з чым не параўнальную прыроду маёй роднай Беларусі”, - пісаў калісьці пра сябе Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Ён нарадзіўся 145 гадоў таму ў мястэчку Крынкі Бялыніцкага раёна, ля ракі Друць. Сюды і цяпер кожны год з’язджаюцца аматары жывапісу на міжнародны пленэр, які носіць імя знакамітага мастака.

Магілёўскі абласны мастацкі музей захоўвае больш за тысячу палотнаў пленэраў. А гэтымі днямі прапанаваў выставу маладых мастакоў - паслядоўнікаў Бялыніцкага-Бірулі, прымеркаваную да яго 145-годдзя. Адметная рыса - на іх карцінах таксама нібыта ажывае прырода.

Выстава адкрыла юбілейны год класіка рэалістычнага жывапісу. Які, на думку мастацтвазнаўцаў, быў таксама паэтам і музыкантам.

Сёння на радзіме мастака захоўваюцца толькі два творы-арыгіналы Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. У абласным мастацкім музеі – карціна пад назвай “Месячная ноч”, напісаная аўтарам у 1937 годзе. І эцюд, які набыў на аўкцыёне музей гісторыі Магілёва.

Доўгі час творы Бялыніцкага-Бірулі аматары жывапісу маглі ўбачыць вось у гэтым музеі, які носіць імя славутага земляка. Гістарычнае збудаванне - помнік архітэктуры 17 стагоддзя. Аднак вось ужо чацвёрты год тут капрамонт. І калі ён скончыцца, невядома. На пашпарце аб’екта гэтая дата не пазначана.