100 школ Гродзенскай вобласці сталі ўдзельнікамі праекта “Электронная школа”

26 ноября 2016

У гэтых установах распрацаваныя спецыяльныя карткі вучня з функцыямі пропуска, электроннага дзённіка і нават банкаўскай карткі. Працэс інфарматызацыі разлічаны на некалькі гадоў, і асноўны этап будзе рэалізаваны ў 2017.

Пра электронную будучыню гродзенскіх школ - Вольга Капковіч. У Гродне аднымі з першых адважыліся на эксперымент у пачатковай школе №1. Пачалі тут з віртуальных дзённікаў і журналаў. Асабліва ідэя спадабалася бацькам – цяпер за паспяховасцю свайго дзіцяці яны могуць назіраць анлайн.

І хоць пакуль настаўнікам прыходзіцца ўносіць адзнакі і ў папяровую версію журнала, і ў электронную, задумку па інфарматызацыі школы яны падтрымалі. Бо мабільная версія дакумента дае магчымасць віртуальна ўзаемадзейнічаць з бацькамі.

У сярэдняй школе №18 упор зрабілі на іншыя электронныя навінкі. Дзякуючы спецыяльным карткам, час знаходжання вучняў на занятках фіксуецца ў энерганезалежнай памяці сістэмы. Пры жаданні адпаведную інфармацыю бацькі атрымаюць у выглядзе смс-паведамленняў.

Хутка школьнікаў чакае прыемны бонус: сістэма бяспекі будзе дапоўнена модулем “Кафэ”.

Гэта дазволіць разлічвацца за прысмакі са школьнага буфета безнаяўна, па той жа магнітцы. Мяркуецца, што “смачная” опцыя актывізуецца пасля новага года.

Тады ж будзе прынята агульная канцэпцыя “Электроннай школы”, і віртуальныя бонусы стануць распаўсюджвацца па ўсіх навучальных установах вобласці.

Мяркуецца, што ў Гродзенскай вобласці шырокае распаўсюджванне электронныя навінкі атрымаюць ужо ў 2017 годзе. Перш за ўсё ў школах павінны наладзіць лакальную сетку і забяспечыць камп’ютарамі працоўныя месцы настаўнікаў. Калі электронная школа атрымае шырокае распаўсюджанне, ад папяровых дублёраў адмовяцца.