Зямельная пастка. Рэпартаж з Брэсцкай вобласці

3 апреля 2016

Поспех зараз вельмі б спатрэбіўся тым, хто апынуўся ўцягнутым у заблытаную зямельную пастку. Прама зараз - рэпартаж з Брэсцкай вобласці. Сітуацыя ўзрушвае кожнага, хто калі-небудзь марыў аб уласным доме. 5 гадоў людзі куплялі ўчасткі пад будаўніцтва. Некаторым прыходзілася прадаваць кватэры, каб укласціся ў катэдж. Хтосьці ўжо гатовы заязджаць. Але ці зможа? На днях людзі даведаліся, што зямлю ім прадалі пазапраўна. А гэта можа значыць, што замест доўгачаканага наваселля прыйдзецца развітацца і з участкам, і з марай аб доме. У зямельнай пастцы апынуліся больш як 30 сямей. Пытанняў шмат: як такое магло адбыцца? Куды глядзелі мясцовыя ўлады і, галоўнае, хто зараз за ўсё гэта адкажа? Наш брэсцкі карэспандэнт Вікторыя Патоня сустрэлася з тымі, хто спадзяецца абараніць сваё.

Для Юрыя Мартысюка шлях да мары апынуўся цярністым. Каб пабудаваць уласны дом, шматдзетная сям'я прадала трохпакаёвую кватэру, купіла ўчастак, але ці будзе наваселле, не ўпэўненая. Зрэшты, як і многія з суседзяў. Падстаў для турботы ў жыхароў вуліц Прыгранічнай і Паляўнічай у Брэсце нямала. Як паказала сумесная праверка Камітэта дзяржкантролю і ўпраўлення КДБ, здзелкі па продажы зямельных участкаў праводзіліся пазапраўна.

Мікалай Дзямідзюк, галоўны спецыяліст упраўлення Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці: "У лістападзе 2010 года Брэсцкім гарвыканкамам прыватнаму прадпрыемству было выдзелена 49 зямельных участкаў для будаўніцтва. Зямельныя ўчасткі выдзеленыя з парушэннем заканадаўства, без правядзення аўкцыёну. У выніку бюджэт не атрымаў парадку 700 тысяч долараў ЗША".

Шэсць гадоў таму гарадскія ўлады перадалі ў арэнду прыватнай фірме 6,5 гектараў зямлі, пад будаўніцтва гатовых дамоў з наступным іх продажам. Але прадпрымальнік на ўчастках не будаваў, а рэалізоўваў іх людзям, заключаў дагаворы долевага будаўніцтва. Пры гэтым грошы ад здзелак ішлі ў прыватныя кішэні. Для пераафармлення зямельных участкаў у Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры фірма падавала падробленыя дакументы.

На адным з паўсотні участкаў прадпрымальнік збіраўся ўзвесці магазін. Аб гэтым сведчыць падмурак. Але далей справа не пайшла. Як высветлілася пазней, ні праекта, ні дазволу на будаўніцтва магазіна ў бізнесмена не было.

Участкі размешчаныя практычна на балоце, спатрэбілася не адна сотня тон пяску, каб падняць грунт. За ўласныя грошы людзі таксама правялі электрычнасць і газ. Аб пазапраўных махінацыях з зямлёй многія і не здагадваліся.

Вікторыя Крыніцкая і Канстанцін Нешумаеў, уладальнікі ўчастка: "Калі яе прадаюць, значыць, у яе ёсць дакумент, законныя падставы, каб людзі маглі купіць. Гэта значыць, мы тут юрыдычна непісьменныя. Столькі дзяржаўных органаў адобрыла гэту здзелку, выдалі дазволы. І як мы маглі западозрыць, што тут нешта не так?!"

Вольга Гуневіч, прадстаўнік уладальніка ўчастка: "У нас дагавор вось куплі-продажы ад фізічнай асобы. Ёсць пячаці, усё заверылі, сведчанне аб дзяржрэгістрацыі нам выдалі. Зараз мы звярнуліся аформіць дакументы, неабходныя на будаўніцтва, нам адмаўляюць".

Брэсцкі гарвыканкам сапраўды не кантраляваў засваенне зямельных участкаў. Як паказала праверка, па 12 участках улады прынялі пазапраўныя рашэнні аб змене віду рэчавага права з арэнды на пажыццёвае валоданне. Зараз гарвыканкам адмяніў рашэнне 2010 года. Ашуканыя "дольшчыкі" чакаюць рашэнне суда.

Сярод пацярпелых маладыя сем'і, у тым ліку шматдзетныя. Галоўнае пытанне, якое хвалюе людзей: што будзе з іх дамамі. І як наогул маглі дапусціць такую сітуацыю?

Крымінальны рэбус працягваюць вырашаць праваахоўнікі. У адносінах да дырэктара прыватнага прадпрыемства ўзбуджана адразу некалькі крымінальных спраў. Уладальнікі ўчасткаў, якія ўклалі мільёны ў будаўніцтва, нанялі адваката і здавацца не маюць намеру.