Заказнік Альманскія балоты - самы вялікі ў Еўропе

2 августа 2015

А таямніцы гэтага месца каранямі сыходзяць у глыбокае мінулае нашай зямлі. Калісьці ў гэтым месцы быў прапісаны Змей Гарыныч. Яшчэ да яго старажытнае племя неўраў палявала на балотах. Нашмат пазней тут праводзілі авіяцыйныя вучэнні савецкія вайскоўцы - іх прыцягнула пустэльнасць і вялізная тэрыторыя, недаступная для разявак. Ну а пасля развалу Саюза Альманскія балоты - заказнік, самы вялікі ў Еўропе і каштоўны ва ўсім свеце. Тут жывуць больш як 40 відаў птушак-чырвонакніжнікаў, а раслін налічваецца больш як 6 соцень. Гэта месца ахінута легендамі і казкамі, і менавіта балоты дагэтуль дыктуюць мясцовым правіла жыцця - на Палессі і зараз выконваюць традыцыі і абрады продкаў.

Ксенія Рабчынская аб жыцці людзей на балоце. Трапіць сюды выпадкова і без праваднікоў практычна немагчыма. Дарога да найбуйнейшага заказніка Еўропы віхляе праз вёскі, але арыенцірам служыць адна - Альманы. Ад яе ландшафтны комплекс і атрымаў сваё імя. Альманскія балоты - гэта амаль 100 тысяч гектараў. Мясцовыя, жартам, завуць заказнік Вялікае бязлюддзе. Яшчэ 30 гадоў таму для таго, каб дабрацца да вёскі, трэба было пераадолець уплаў пяць рэк.

Затое тут, карыстаючыся аддаленасцю ад вёсак і адсутнасцю чалавека, пры Саветах размясцілі сакрэтны авіяцыйны палігон "Мярлінскі". Сёння ўжо амаль не засталося іржавай ваеннай тэхнікі - пасля развалу Саюза ўсё расцягнулі на металалом. Але балоты, гавораць мясцовыя, усе памятаюць. Ды і людзі памятаюць, як нізка над галовамі праляталі бамбардзірошчыкі, а дзеці збіралі гільзы. Выбухі сціхлі. Пасярод былога палігона сёння - паляўнічая хатка.

А пасля ў праграме тура (яго назвалі "Палеская Амазонія") - і самі "Альманскія балоты". Але не банальная турыстычная сцежка, а дарогі, якіх няма ні на адной карце. І начлег у цэнтры заказніка. Дарэчы, калі тры дні - гэта шмат, можна проста прагуляцца па турыстычнай сцежцы даўжынёй паўтара кіламетра да ляснога возера. Яно, паводле легенды, святое.

Палову тэрыторыі заказніка займаюць балоты. Нават у такое засушлівае лета тут без гумовага абутку не абысціся. Прычым, у заказніку можна сустрэць усе тры віды балотаў. Вось гэта, напрыклад, пераходнае. Ёсць яшчэ адкрытае і нізіннае. Самыя буйныя - гэта Чырвонае і Гало, іх плошча каля 25 тысяч гектараў.

Колькі дакладна турыстаў пабывала ў заказніку, падлічыць нерэальна. Але ў апошні час сюды часта прыязджаюць не толькі палякі і, само сабой, украінцы, але і немцы, галандцы і амерыканцы. Каб зразумець, для чаго людзі пераадольваюць тысячы кіламетраў, у Альманы трэба прыехаць. Ніводны даведнік не перадасць палескай прыгажосці, а легенды ўспрымаюцца тут зусім па-іншаму.

А яшчэ гавораць, менавіта тут калісьці жыла старажытнае племя неўраў. На думку часткі навукоўцаў, папярэднікі славян на Палессе дашлі яшчэ 3 тысячы гадоў таму. Па апісанні Герадота, былі ведзьмакамі і нават умелі ператварацца ў ваўкоў.

На палескіх балотах, зноў-ткі паводле легенды, жывуць кікімары і русалкі. А яшчэ - і тут ужо не патрэбныя ніякія легенды - 182 віды птушак, прычым, 42 з іх занесеныя ў Чырвоную кнігу. Раслін - больш як шэсць соцень разнавіднасцяў. Каб захаваць за заказнікам статус унікальнага натуральнага комплексу, у найбліжэйшы час для іншаземцаў уваход стане платным. Алгарытм сёння распрацоўваюць у райвыканкаме.

У тым, што турыстаў не стане менш, тут упэўненыя. Бо з кожным годам вось такія астраўкі, а ў выпадку з Альманскімі балотамі вялізныя астравы некранутай прыроды, становяцца ўсё больш каштоўнымі. І яшчэ больш каштоўным самы вялікі заказнік Еўропы становіцца для беларуса. Досыць проста адзін раз прыехаць. І тады сапраўды сваё, роднае, вялікае Палессе не адпусціць ніколі. Будзе сніцца.