У самой жа Польшчы на тыдні суд вынес прысуд 12-ці ўдзельнікам скандальнага перфомансу ў Асвенцыме. У тым ліку і 4 нашы суайчыннікі вось такім чынам вырашылі пазначыць, што яны супраць вайны і кровапраліцця.
Вясной мінулага года ля варот лагера смерці "Аўшвіц-Біркенаў" распрануліся дагала, скавалі сябе наручнікамі і зарэзалі ягня. А яшчэ павесілі банар з надпісам "Любоў" на шыльду "Праца вызваляе". Такая трактоўка пацыфізму прыйшлася не па нораве еўрапейскаму правасуддзю. Два беларусы - яны ж арганізатары - атрымалі турэмныя тэрміны - 14 і 18 месяцаў.
На паўтара года пазбавіўся волі сын праваабаронцы Алеся Бяляцкага Адам, які дадаткова абавязаны выплаціць штраф і пакрыць выдаткі на дзяржадваката. Следства ўстанавіла, што менавіта ён ля варот канцлагера нанёс ягняці 15 удараў нажом. Паводле рашэння суда, абодвум асуджаным беларусам забаронена заводзіць жывёл у 10 найбліжэйшых гадоў. Астатнія ўдзельнікі акцыі абышліся штрафамі і абмежаваннем волі на 1 год.













