Сустрэча ў Брэсце двух прэм'ераў. Размовы С.Румаса і Д.Мядзведзева журналісты чакалі з нецярпеннем

16 декабря 2018

Духоўна - мы адзін народ, і ў нас гэтага не адняць. Словы Прэзідэнта пацвердзіла сустрэча ў Брэсце двух прэм'ераў. Бо ў гэтым месцы адзіная гісторыя адчуваецца асабліва моцна. Размовы Сяргея Румаса і Дзмітрыя Мядзведзева журналісты чакалі з нецярпеннем.

Кіраўнікі ўрадаў прайшліся па Брэсцкай крэпасці: яе рэстаўрацыя - добры прыклад паспяховых саюзных праектаў. Але ў цэлым у Саюзнай дзяржаве не ўсё так гладка. У першую чаргу з-за нафтавага падатковага манеўру. Масква паступальнымі рухамі павялічвае стаўку ўнутры свайго рынку, што за пару гадоў зробіць цэны на чорнае золата для Беларусі куды даражэйшымі. У дадатак і нашы нафтаперапрацоўчыя заводы страцяць прыбытак. Атрымліваецца не зусім у духу саюза палітычнага, а тым больш - эканамічнага. Да 2024 года нашы страты могуць скласці без малога 12 мільярдаў долараў.

Сцэнарый не вельмі навагодні, ды і дамовіцца канчаткова прэм'еры не змаглі. А вось падрыхтаваць глебу для сустрэчы прэзідэнтаў - цалкам. Лідары яшчэ на пасяджэнні ЕАЭС у Піцеры ўмовіліся вырашыць усё пад новы год.

Куды глыбейшае пытанне інтэграцыі. Як бы па-рознаму ні апісвалі яе будучыню разнастайныя эксперты, зразумела, што пасварыць нас з братэрскай краінай ні ў каго не атрымаецца.

Усяго ж на парадку перамоў саюзнага Саўміна было каля 20 пытанняў. Шмат увагі надалі і пагадненню аб прызнанні віз. Яно, праўда, так і не было падпісана, але ніякіх рознагалоссяў паміж Мінскам і Масквой няма: засталося толькі ўладзіць юрыдычныя тонкасці. Ды і наогул, такі "тыдзень Расіі" ў Беларусі - добры паказчык таго, што мы адно аднаму патрэбныя. Спрачаліся, спрачаемся, ды і будзем, напэўна, яшчэ не раз. Але хіба не ў спрэчках нараджаецца ісціна?