Упершыню Мінск з афіцыйным візітам наведаў член брытанскай каралеўскай сям'і

16 октября 2016

Прынц Майкл Кенцкі - стрыечны брат Лізаветы Другой. Фармальна такі статус, як член каралеўскай сям'і, нідзе не замацаваны, але найбліжэйшыя сваякі англійскай каралевы, як і ўвесь манаршы род, карыстаюцца вялікім аўтарытэтам і ўплывам.

У Мінску прынц з дзелавым інтарэсам. Першым чынам, як бізнесмен. Яго кампанія займаецца кансалтынгам у розных сферах - ад будаўніцтва і тэлекамунікацый да фінансаў, медыцыны і аўтамабілебудавання. Дамовіліся, што ў сферы дарожнай бяспекі Мінск і Лондан будуць супрацоўнічаць. Гэта замацавана ў сумесным мемарандуме. Пад патранажам прынца рэалізуецца некалькі глабальных некамерцыйных ініцыятыў у сферы бяспекі дарожнага руху. Менавіта таму ў праграме візіту англійскага арыстакрата і бізнесмена значыўся цэнтр фіксацыі правапарушэнняў. Пра развіццё гандлёвых адносін паміж Беларуссю і Вялікабрытаніяй гаварылі на сустрэчы з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Гэтая краіна ў тройцы нашых ключавых партнёраў. Брытанія - другі пасля Расіі інвестар у беларускую эканоміку. Апошнія некалькі гадоў Вялікабрытанія дзейнічала ў рамках палітыкі Бруселя, але мова санкцый змянілася канструктыўным дыялогам. Разлічваюць, што і ў адносінах дзвюх дзяржаў адкрыецца новая старонка.

Наогул візіт атрымаўся вельмі насычаным: сустрэча з Прэзідэнтам, перамовы ў міністэрствах, а яшчэ такія асаблівыя пункты, як, напрыклад, паездка ў Хатынь. Сам прынц пазней прызнаецца, што менавіта гэтае месца кранула яго да глыбіні душы. Зрэшты, што, акрамя кранальных уражанняў, павёз з сабою Майкл Кенцкі? Пра гэта і, зразумела, не толькі ён распавёў нам. Прычым фон пасаваў герою. Велічныя скляпенні Нацыянальнага мастацкага музея. І яго таксама прынц паспеў наведаць і нават пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей. Лаканічны. Па-англійску! Наш эксклюзіў (відэа).