Найважнейшай медыйнай падзеяй гэтага тыдня была XXII Міжнародная выстава "СМІ ў Беларусі"

6 мая 2018

А пакуль папраўкі яшчэ абмяркоўваюцца, найважнейшай медыйнай падзеяй гэтага тыдня была XXII Міжнародная выстава "СМІ ў Беларусі". Яна сабрала ўсіх, чые матэрыялы на экранах, хвалях, старонках і сайтах. З тэлеэкранаў, рэдакцый і радыёэфіраў на выставачныя стэнды выйшлі не толькі прадстаўнікі медыяіндустрыі нашай краіны, але і партнёрскага замежжа. Напрыклад, упершыню прадстаўленыя калегі з Салехарда Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. Усяго паказалі і распавялі пра 4 сотні масмедыя. Прапанавалі ўвесь спектр інфармацыйнай прасторы, якая з кожным годам удасканальваецца паводле новых тэндэнцый. У гэтым сезоне асаблівую ўвагу надалі падтрымцы рэгіянальных масмедыя. СМІ з абласцей і рэгіёнаў аддалі асобны дзень для сваіх прэзентацый.

Белтэлерадыёкампанія прадэманстравала 6 тэлеканалаў і 5 радыёстанцый. Адкрывалі прэзентацыйны стэнд, вядома, першы нацыянальны "Беларусь 1" і міжнародны спадарожнікавы "Беларусь 24". Прынялі выставачную эстафету трэцяя, культурная, і пятая, спартыўная, кнопкі. А ў фінале форуму "СМІ ў Беларусі" саліраваў адзіны ў нашай краіне моладзевы канал "Беларусь 2". З тэлеэкранаў на адкрытую пляцоўку выйшлі праекты "Капейка ў капейку", "Ідзі сюды і танцуй" і "Нічога сабе ньюз". Таксама нашы калегі ў "БелЭкспа" правялі кастынг вядучых.