У студыі "Галоўнага эфіру" палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў

15 февраля 2015

Барацьба вытрымкі, нерваў, надзей і скепсісу. Аналітыка скрозь замочную шчыліну і чытанне па тварах. Усё гэта пра атмасферу вакол мінскага саміту. У яе амаль суткі былі паглыблены нашы калегі - журналісты з усяго свету, па крупінках здабываючы інфармацыю з-за зачыненых дзвярэй.

Наш палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў пражыў 11 і 12 лютага на прамых эфірах ад Палаца Незалежнасці, збіраючы меркаванні экспертаў. Зараз ён у нас у студыі.

Напружанне не спадала да апошняга слова лідараў "нармандскай чацвёркі" - Пуціна, Меркель, Аланда і Парашэнкі. Але сапраўды нервовымі сталі два моманты.

Першы - у 10 вечара 11 лютага. Парашэнка нечакана пакідае залу перамоў. Толькі потым мы даведваемся - выходзіў усяго на 7 хвілін патэлефанаваць у Генеральны штаб, удакладніць сітуацыю ў Дзябальцаве. Пра гэты адрэзак фронту спрачаліся вялікую частку ночы.

Але ўявіце як нам, журналістам. 2 дзясяткі тэлекамер у прамым эфіры, на адлегласці паўтара метра адна ад адной. Ад мяне злева тэлеканал "Расія" і немцы, справа - брытанцы, галандцы і ўкраінцы. Мы фактычна перакрыкваем адзін аднаго на 5 мовах. Калі прыходзіць паведамленне аб выхадзе Парашэнкі, агульная збянтэжанасць. Што гаварыць гледачам - перамовы сарваныя? Вайна працягваецца? Калапс "нармандскага фармату"? Дарэчы, многія ў Інтэрнэце так і напісалі. На шчасце, нам з калегамі хапіла вытрымкі ў гэтыя 7 хвілін.

Другі крытычны момант ужо раніцай. Прыходзіць паведамленне - кантактная група (яна працавала паралельна) адмовілася падпісаць узгодненыя з "чацвёркай" пагадненні. Тыя ж эмоцыі, але, на шчасце, і гэта імгненне лютага мы перажылі. Пагадненні падпісаны. Перамір'е дзейнічае.

За апошнія мінімум чвэрць стагоддзя яшчэ нікому не ўдавалася спыніць вайну перамовамі без ваеннай перамогі. Сірыя - не ў лік, там вайна працягваецца. Дыпламаты толькі адмянілі інтэрвенцыю, дамовіўшыся пра вывад хімічнай зброі. Сепаратысты ў Паўночнай Ірландыі або Калумбіі - таксама не тое. Там не тое што гады - дзесяцігоддзі партызанскай вайны і тэрактаў. Пра гэта, дарэчы, сказаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, заявіўшы, што 15 гадзін перамоў гэта "не шмат". Г.з. мінскі саміт, калі мір ва Украіне пераможа, стане ўнікальным у гісторыі дыпламатыі.

Пасля аб'яўлення вынікаў - у экспертаў асцярожны аптымізм. Ключавая і агульная думка - гэта яшчэ не мір, але ўжо перамір'е.

Аляксандр Шпакоўскі, палітычны аналітык: "У нас гавораць, што напісана пяром, то не высечаш сякерай. Вельмі б хацелася, каб тыя людзі, якія зараз трымаюць зброю па абодва бакі фронту, што напісана пяром усё ж сякерай не высякалі. Мінск увайшоў у гісторыю, як сталіца рэспублікі, у якой сапраўды быў дасягнуты мір у нашай братэрскай Украіне, таму што больш чым беларускі народ, беларускае кіраўніцтва, наша дзяржава ў міры ніхто не зацікаўлены".

Мікалай Шчокін, палітычны аглядальнік, кандыдат філасофскіх навук: "Неабходна, каб устаялася ўлада на Украіне. Будуць эканамічныя пертурбацыі. Паверце, эканамічная сітуацыя ва Украіне катастрафічная. У гэтым сэнсе яшчэ наперадзе праца, якая мінімізавала тыя наступствы, якія на дадзены момант ёсць".

Пётр Пятроўскі, каардынатар Кансерватыўнага цэнтра Nomos: "У адрозненне ад папярэдніх пагадненняў, дадзенае пагадненне мае адно якаснае адрозненне. Тут дакладна прапісаны сам механізм пагаднення, тэрміны выканання, разлічаныя да канца 2015 года. Таму ад тых бакоў, якія ўдзельнічалі ў перамовах, сёння і залежаць пагадненні, бо ад іх добрай волі і залежыць мір на Данбасе".

Яшчэ адзін цікавы нюанс. За мірны зыход у Мінску маліліся не толькі палітыкі, дыпламаты і эксперты, але і вернікі, прычым маліліся ў прамым сэнсе слова. Да гэтага 11 лютага заклікаў кіраўнік Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі. Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і абсалютная большасць вернікаў маліліся паралельна з перамовамі "нармандскай чацвёркі" за іх поспех. Падобна, што малітвы былі пачутыя.

Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі: "Ужо другі раз, у верасні мінулага года таксама было падпісана пагадненне мінскае, яно пашло яшчэ далей. Такім чынам Мінск таксама адыграў і, спадзяюся, далей будзе адыгрываць тую вельмі пазітыўную ролю – міратворчую ролю – у тым, каб у братняй Украіне сапраўды быў мір. Для гэтага мая ўдзячнасць і вернікаў, якія маліліся".

Акрамя малітвы на вынік мінскай сустрэчы працавала ўся Беларусь - ад Прэзідэнта, яго ўнёсак важкі, да дыпламата, журналіста і нават вадзіцеля лімузіна, пададзенага Меркель і Аланду. Пра гэта памочнік Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў.

Аляксандр Радзькоў, старшыня РГА "Белая Русь", памочнік Прэзідэнта Беларусі: "Вопыт ужо ёсць, мы заўсёды яго развівалі, гэты вопыт, і вось зараз паказалі вось на такі еўрапейскі, сусветны маштаб, што мы хочам гэта рабіць, і мы ўмеем гэта рабіць. Хочам, таму што мы хочам мірнага суіснавання. Узаемадзейнічайце, дапамагайце адзін аднаму, але не сутыкайцеся паміж сабою, таму што ўвайсці ў вайну лёгка, выйсці - каласальна цяжка. Наша палітыка паказала - так, мы падрыхтаваны да гэтага маральна, мы падрыхтаваны палітычна, мы можам даць гэту пляцоўку, калі ласка, дамаўляйцеся, мы вам забяспечым усе ўмовы. І зараз забяспечылі, і на будучыню забяспечым. Пры гэтым мы павінны так працаваць, каб і там быў вынік, дапамагчы ім дасягнуць выніку".

І яшчэ аб сімвалізме ў дыпламатыі. Першыя ў суверэннай гісторыі Беларусі візіты лідараў Германіі і Францыі на нашу зямлю. І першыя сустрэчы і дыялогі з Аляксандрам Лукашэнкам. Дзіўная цеплыня і атмасфера даверу.

Нашы французскія калегі падлічаць: у 45-м - "Нармандыя-Нёман", праз 70 гадоў - Нармандыя-Мінск. Гэта сімвалічныя франка-беларускія фарматы. У Вялікую Айчынную сумесны авіяполк, сёння сумесная дыпламатыя набліжалі мір у Еўропе.

Важна: роля Мінска як міратворчай пляцоўкі, безумоўна, прызнаная афіцыйнымі сусветнымі сталіцамі - ад Кіева, Масквы, Вільнюса і Парыжа да Лондана, Рыма і Вашынгтона.

Павел Латушка, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Францыі: "16 студзеня мне давялося размаўляць з прэзідэнтам Францыі падчас дыпламатычнага прыёму для дыпламатаў, акрэдытаваных у Парыжы, і прэзідэнт Францыі адзначыў важную ролю Прэзідэнта нашай дзяржавы і Беларусі ва ўрэгуляванні сітуацыі, якая склалася ва Украіне. У Францыі на афіцыйным узроўні гэта бачаць і гэта ацэньваюць".

Такімі былі гэтыя 17 гадзін-імгненняў зімы ў "мінскім" і "нармандскім фарматах". Сёння першы дзень перамір'я, спадзяюся, калегі, што наступным крокам стане ўстойлівы мір і комплекснае палітычнае вырашэнне канфлікту ва Украіне.