У пятніцу Прэзідэнт прызначыў новага міністра эканомікі

5 января 2020
Пастаянна на кантролі Кіраўніка дзяржавы і кадравае пытанне. У новы эканамічны і каляндарны год уваходзім з новым міністрам эканомікі. У пятніцу Прэзідэнт прызначыў на гэтую ключавую ў эканамічным блоку ўрада пазіцыю Аляксандра Чарвякова. 

Глыбокі навуковец і дасведчаны практык-кіраванец добра вядомы і ва ўрадавых, і ў бізнес-колах. Скончыў сельгасакадэмию ў Горках, там жа вырас да дацэнта кафедры. Пасля сем гадоў кіраваў Навукова-даследчым інстытутам эканомікі, рыхтаваў, у тым ліку, пяцігадовыя стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. 

Ужо як практык прайшоў прыступкі намесніка і першага намесника ў міністэрстве, якое з пятніцы ўзначаліў. Прэзідэнт запатрабаваў ад новага міністра якаснай экспертызы, глыбока прапрацаваных законапраектаў і альтэрнатыўных эканамічных сцэнарыяў. Каб за кожным рашэннем стаяла разумнае спалучэнне тэорыі і практыкі. 

Тры прыярытэты для абноўленага міністэрства вызначыў Кіраўнік дзяржавы. Гэта кадры, эфектыўная праца дзяржсектара і ўстойлівасць эканомікі да знешніх шокаў. 

Менавіта на такі вынік будзе працаваць маштабная мадэрнізацыя (у тым ліку - у нафтахіміі) і высокадаходныя сферы. А гэта сфера паслуг, IT і шырэй - новыя тэхналогіі.

Неабходным штогадовым ростам для эканомікі Аляксандр Чарвякоў лічыць планку ў 104%. Яна гарантуе стабільнае развіццё і захаванне прафесійных кадраў у Беларусі.