У панядзелак Прэзідэнт правёў рабочую сустрэчу з сілавікамі і прыняў шэраг кадравых рашэнняў

26 ноября 2017

Бяспека ўжо даўно стала візітнай карткай Беларусі. Бо, пагадзіцеся, часта нават ад замежных гасцей чуем: "У вас вечарам можна гуляць спакойна". Для нас гэта ўжо стала звычайнасцю, а ў свеце - у дэфіцыце. Захоўваць гэты спакой - галоўная задача людзей у пагонах. А любыя правакацыі павінны рашуча спыняцца. Аб гэтым Прэзідэнт чарговы раз нагадаў сілавікам падчас рабочай сустрэчы ў панядзелак.

Тады ж Кіраўнік дзяржавы прыняў шэраг кадравых рашэнняў. Адно з іх закранула 72 навучальны цэнтр у Пячах. Яго ўзначаліў палкоўнік Уладзіслаў Буднік. З гэтай часцю звязана рэзанансная справа загінуўшага вайскоўца Аляксандра Коржыча. Прэзідэнт з самага пачатку ўважліва сочыць за ходам следства, атрымліваючы інфармацыю з розных крыніц. Такім надзвычайным выпадкам не месца ў беларускай арміі. І такія здарэнні больш не павінны паўтарыцца. Гэта жорсткае патрабаванне Кіраўніка дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў праваахоўнікам: мама загінуўшага ў Пячах вайскоўца - Святлана Коржыч - павінна быць абавязкова дапушчана да ўсіх следчых мерапрыемстваў. І быць у курсе справы, якімі б ні былі вынікі расследавання.

Абмяркоўвалася і ў цэлым сітуацыя ва Узброеных Сілах, умовы прызыву. Іх Прэзідэнт прапанаваў перагледзець, бо быў час, калі адзіных сыноў у сям'і ў армію маглі не забіраць.

У той жа дзень Прэзідэнт прызначыў і новага кіраўніка ГУУС Мінгарвыканкама. Ім стаў Сяргей Дарошка, які апошнія пяць гадоў узначальваў дэпартамент выканання пакаранняў. Такую кандыдатуру падтрымаў і папярэдні кіраўнік мінскай міліцыі Аляксандр Барсукоў, цяпер ён намеснік міністра ўнутраных спраў.

Ставячы задачы перад новым кіраўніком, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што зараз у сталіцы бяспека на добрым узроўні - так павінна быць і надалей. Акрамя таго, трэба захаваць і практыку міліцэйскіх патрулёў - яна сябе станоўча зарэкамендавала.

А што датычыцца становішча з грамадскай бяспекай у краіне ў цэлым, гэта пытанне на адыходзячым тыдні Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў з міністрам унутраных спраў. Паводле слоў Ігара Шуневіча, колькасць заяў аб злачынствах, у параўнанні з мінулым годам, скарацілася на 11 працэнтаў. Асобна Прэзідэнт спыніўся на здарэнні ў Магілёве. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў праваахоўнікам за бліскучую аперацыю па абясшкоджанні рабаўніка банка.