У пошуках новых эканамічных магчымасцяў Беларусь робіць чарговы прыпынак. Гэтым разам у Парыжы. У пятніцу там адбылася вялікая прэзентацыя інвестыцыйнага патэнцыялу нашай краіны. Перспектыўныя кірункі прадстаўляла асабіста намеснік Міністра замежных спраў Алена Купчына.
Дарэчы, цэнтральная тэма - Еўразійскі эканамічны саюз, які, нагадаем, пачынае працу ўжо ў студзені. І, здаецца, французам наша новая інтэграцыя спадабалася. Кіраўнік найбуйнейшай бізнес-структуры Парыжа прызнаецца, што гэта сур'ёзны бонус, здольны істотна развіць інвестыцыйную прывабнасць Беларусі.
Філіп Саліньяк, прэзідэнт Гандлёва-прамысловай палаты рэгіёна Парыж іль-дэ-Франс: "Праекты ў фармацэўтыцы, сельскай гаспадарцы, гасцінічным бізнесе, вытворчасці прадуктаў, з нядаўняга часу аўтамабілебудаванне. Беларусь для нас далёка не новая краіна. Плюс Еўразійскі эканамічны саюз, які аўтаматычна павялічвае ваш рынак з 10 мільёнаў да 170. Вядома, гэта вельмі прывабна. Францыя некалькі адстае ад узроўню бізнес-кантактаў, напрыклад, Германіі і Беларусі, а таму нам хацелася б нагнаць гэтае адставанне. Магчымасці для гэтага ёсць. Асабліва пасля расійскага эмбарга, калі многія кампаніі сталі шукаць новыя рынкі".
Зразумела, Францыя - партнёр далёка не новы. Летась краіны нагандлявалі амаль на 600 мільёнаў долараў. Прычым, доля нашага экспарту павялічваецца. Не варта забываць, што размова ў дадзеным выпадку ідзе пра другую эканоміку Еўрасаюза. Так што лічбам ёсць куды расці.














