У Мінску прайшлі здымкі кліпа на песню "Time"

1 марта 2015

Пераадолець усе стыхіі дзеля выратавання дзяўчыны. Літаральна на днях (у пятніцу) у кінапавільёне ў Мінску прайшлі здымкі кліпа на песню "Time". Менавіта з ёй Юзары і Маймуна прадставяць Беларусь на "Еўрабачанні" ў Вене. Такі відэаролік - гэта не абавязковая ўмова Еўрапейскага Вяшчальнага Саюза для конкурсу, аднак яркае відэа дае дадатковыя шанцы займець прыхільнікаў па ўсёй Еўропе. Ужо з сярэдзіны сакавіка кліпы ўдзельнікаў "Еўрабачання" будуць паказвацца на нацыянальных каналах усіх 40 краін - удзельніц конкурсу.

Съемки клипа "Time"Што ж адбывалася на здымачнай пляцоўцы ў Мінску, падгледзеў Яўген Перлін.

Калі тэатр пачынаецца з вешалкі, то кліп Юзары і Маймуны - з бегавой дарожкі. Больш як тры гадзіны на пляцоўцы спеваку давялося займацца фітнесам. Дубль не адзін, а хуткасць - каля 20 кіламетраў за гадзіну.

Юзары паўстане ў вобразе казачнага і нават містычнага персанажа. Эльф нашага часу. Герой з іншай рэальнасці. І ён павінен выратаваць у фінале Маймуну.

Рэжысёр Дзмітрый Сямёнаў упэўнены, што для выратавання Маймуны Юзары трэба прайсці праз усе стыхіі. Кожную гадзіну на пляцоўцы ў павільёне змянялася надвор'е. Спачатку дым, потым снег, агонь і вецер.

Дзмітрый Сямёнаў, рэжысёр кліпа Uzari & Maimuna: "У нас тут усё складана. Лёгкіх рэчаў няма. У нас 11 тон пяску ляжыць за спінай. Потым гэта прыбіраць яшчэ трэба. І наогул мы будзем тут людзей засыпаць пяском". Съемки клипа "Time"

Паводле сюжэта кліпа, Юзары бяжыць па вялікай пустыні, па пяску, якім засыпала дзясяткі людзей. Для гэтага выкарыстоўваюцца вось такія бутафорскія рукі. У здымках кліпа ніхто не пацярпеў.

Снег, натуральна, у павільёне выкарысталі штучны. У адрозненне ад усяго астатняга. І тут у рэжысёра паўсталі сумненні. Не верыць! Прыйшлося паскорыць стыхію і нават самому сесці за цялежку з камерай.

Здымачны дзень разлічылі на суткі. І пакуль Юзары з самай раніцы працаваў на пляцоўцы, Маймуне дазволілі паспаць да абеду.

Maimuna, прадстаўніца Беларусі на "Еўрабачанні-2015":

"Я, насамрэч, прыехала толькі нядаўна, пасля абеду. І здымацца будзем да самай ночы. Прыкладна я ўяўляю, што гэта будзе. Натуральна, іграць трэба на скрыпцы. Як заўсёды. Але будуць нейкія нюансы".

Ні артысты, ні здымачная група не выдаюць фінал кліпа. Пакуль ён трымаецца ў сакрэце. Але ўжо ясна, што кульмінацыяй відэа стане сцэна з вялізнай дэкарацыяй.

Съемки клипа "Time"У кліпе гледачы ўбачаць і вось гэты пакуль яшчэ не зусім зразумелы прадмет. Гэта вялізны пясочны гадзіннік - вышынёй 3 метры. Усярэдзіне ў іх будзе знаходзіцца Маймуна са сваёй скрыпкай.

Здымкі кліпа Юзары і Маймуны скончыліся далёка за поўнач. Але рэжысёр задаволены. Зараз час мантажу і апрацоўкі. Прэм'ера відэа адбудзецца ў сярэдзіне сакавіка. Як мінімум да сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый конкурсу. Яна пройдзе 16 сакавіка ў Вене.