У памяць пра Валянціна Бялькевіча ў Мінску адкрылі мемарыяльную дошку і правялі таварыскі матч

31 января 2016

На тыдні ў Мінску адкрылі мемарыяльную дошку ў памяць пра выдатнага беларускага футбаліста Валянціна Бялькевіча. У сваёй прафесіі ён быў асаблівым. Чалавекам, які збіраў цэлыя стадыёны і адначасова цураўся публічнасці. Балельшчыкі ішлі на трыбуны паглядзець менавіта на яго гульню, так віртуозна ён абыходзіўся з мячом.

На жаль, такіх мастакоў на футбольным полі ўсё менш. Зараз дамінуе сілавая манера, сціраюцца стылі, каманды, як і гульцы, падобныя адна на адну. Пра загадкавую асобу Валянціна Бялькевіча наш рэпартаж.

Расказвае Мікалай Стуло.

"Я не наезджуся ў Кіеў да яго на могілкі" - такімі словамі каля мемарыяльнай дошкі сустракае нашу здымачную групу бацька Валянціна Бялькевіча Мікалай Мікалаевіч. Такія ж пачуцці і ў балельшчыкаў. У гэтым крыху субтыльным хлопцу яны бачаць і памятаюць куміра цэлай эпохі беларускага футбола.

У дзень нараджэння Валянціна барэльефная дошка з'явілася на сцяне яго роднага дома па сталічнай вуліцы Энгельса, 34. Цэнтр горада, адсюль не больш за 500 метраў да легендарнага стадыёна "Дынама" - хлопец проста не мог размінуцца з футболам.

Эдуард Малафееў як звычайна красамоўны. Ён сам жывая легенда спорту, і ведае, наколькі важны асабісты прыклад для выхавання.

Бялькевіч ніколі не звяртаўся да грубай сілы на зялёным газоне, яго прызначэнне - тварыць. Так і далі мянушку Валіка - Мастак. Мог "намаляваць" такі пас, што адыгранай заставалася палова складу сапернікаў.

Пражыўшы 41 год, Валянцін паказаў сябе як выдатны футбаліст, але так і застаўся загадкавым чалавекам. Журналісты не маглі да яго дастукацца. Ён закрыўся і практычна нікога да сабе не пускаў.

Валянцін Бялькевіч, лепшы футбаліст Беларусі і Украіны: "Я для сябе вырашыў, што не размаўляю. Хто шмат распавядае, той не так добра гуляе ў футбол. А гаварыць можа кожны".

Характэрнае ўкраінскае "шо" ў яго мове з'явіцца ўжо ў свядомым узросце, калі ён памяняе мінскае "Дынама" на больш статутнае кіеўскае, і стане зіхацець яшчэ ярчэй. Там жа ў Кіеве Бялькевіч мімаволі з'явіцца і ў свецкай хроніцы.

У 2004 годзе Валянцін ажаніўся з адной з удзельніц поп-групы "Віягра" Ганнай Седаковай. Пара ўзаконіла свае адносіны, нягледзячы на юны ўзрост дзяўчыны - Ганне тады было 18 гадоў. Праз некалькі месяцаў у іх нарадзілася дачка Аліна, а праз два гады Седакова і Бялькевіч рассталіся як добрыя сябры.

Балельшчыкі з Беларусі і Украіны прызнаваліся: мы ідзём на стадыён, каб паглядзець на гульню Бялькевіча. Здаецца, гэта вышэйшая індывідуальная ўзнагарода, якая толькі можа быць у футболе. Яе ўдастойваюцца адзінкі. Валянцін не выйграў Лігу чэмпіёнаў, хоць быў блізкі да гэтага, цураўся публічнасці, піяру. І здаецца, ігнаруючы гэту частку сваёй прафесіі, ён свядома пазбягаў славы, якую, безумоўна, заслужыў.

Матч памяці Бялькевіча - на полі дзве дынамаўскія каманды Мінска і Кіева, людзі, з якімі Валянцін гуляў. Хто, як не яны, ведае пра веліч нашага Валіка.

5 тытулаў чэмпіёна Беларусі, 11 - Украіны, паўфінал Лігі чэмпіёнаў, мноства індывідуальных узнагарод. Пра гэта ведаюць усе прыхільнікі таленту Бялькевіча. Але і за межамі футбола Валянцін дабіўся вялікіх поспехаў.

Нічыя, 3:3, у матчы памяці паміж Мінскам і Кіевам нібы сімвалізуе - Бялькевіч аднолькава дарагі Беларусі і Украіне. І самай лепшай памяццю аб ім стане штогадовы турнір, які прыхільнікі таленту Валянціна зараз проста абавязаны зрабіць традыцыйным.