Новы міністр доўгі час працаваў у медыцыне. У яго багаты кіраўніцкі вопыт у сістэме аховы здароўя. Прайшоў шлях ад простага ўрача да кіраўніка Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. Працаваў намеснікам старшыні аблвыканкама ў Магілёве, дзе курыраваў сацыяльную сферу. Яшчэ зусім нядаўна Валерый Малашка заняў пасаду міністра працы.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму спатрэбілася такая хуткая ратацыя. Прэтэндэнтаў на гэту важную пасаду кіраўніка Міністэрства аховы здароўя было шмат - больш за дзясятак чалавек, але калегі выказаліся менавіта за кандыдатуру Малашкі, які мае вялікі аўтарытэт у медыцынскай супольнасці. Гэта прыняў да ўвагі Прэзідэнт. На сустрэчы Кіраўнік дзяржавы пачаў гутарку, іранічна сказаўшы, што ў такім імклівым пераходзе ёсць і яго віна.
Апошнія гады ў краіне праведзена мадэрнізацыя сістэмы аховы здароўя. Але, нягледзячы на прыкметныя дасягненні беларускіх медыкаў, Прэзідэнт скіраваў новага міністра на тое, каб павышаць і даступнасць, і якасць медыцынскай дапамогі.
Яшчэ кадравае абнаўленне закранула мясцовую вертыкаль. Новыя кіраўнікі выканкамаў у 7 раёнах. Абнавіўся склад намеснікаў міністраў у Мінспорту, Мінсельгасхарчы, у эканамічным ведамстве і ў Мінэнерга. Размаўляючы з тымі, хто атрымаў новую працу, Прэзідэнт гаварыў пра неабходнасць узмацніць уладу кіраўнікоў на месцах і ўзняць выканаўчую дысцыпліну.
Як бачым, размаўляючы з прызначанымі кіраўнікамі, Аляксандр Лукашэнка асобна звярнуў увагу на адказнасць і сумленнасць, як галоўныя якасці, якімі павінен валодаць кіраўнік любога ўзроўню. І закрануў тэму нашумелага затрымання бізнесмена Аляксандра Кныровіча. КДБ Беларусі выявіў і спыніў супрацьпраўную дзейнасць службовых асоб камерцыйных структур, прадпрыемстваў ЖКГ і сферы энергетыкі, якія арганізавалі карупцыйную сістэму паставак прадукцыі для дзяржпатрэб па завышаным кошце. Па выніках аператыўнай распрацоўкі затрыманы і змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ 11 чалавек, якія прызналі віну. Сярод іх і кіраўнік кампаніі "Сармат Тэрма-Інжынірынг” Аляксандр Кныровіч.













