Неўзабаве павысіць пенсіённы ўзрост плануюць Расія і Літва

20 марта 2016

Праблема павышэння пенсіённага ўзросту датычыцца не толькі Беларусі. Гэтым пытаннем заклапочаныя і шматлікія нашы суседзі. Неўзабаве павысіць пенсіённы ўзрост плануюць Расія і Літва - да 65 гадоў для жанчын і мужчын, Казахстан - да 63 для жанчын, у Польшчы для ўсіх сёння завуць лічбу 67 гадоў, а ў ЗША - 69.

Сваю ролю тут іграе і тэндэнцыя росту працягласці жыцця ў гэтых краінах. У Беларусі за апошнія гады яна таксама павялічылася: у мужчын прыкладна на 5 гадоў, у жанчын - больш як на 10 гадоў.

А вось на пенсію мы пакуль разам з Расіяй сыходзім раней за іншых у свеце: жанчыны ў 55, мужчыны ў 60. У Арменіі планка для абодвух палоў 63 гады, да яе імкнецца і Казахстан. Ва Украіне працоўны стаж завяршаецца ў 60 гадоў, у Латвіі, Францыі - у 65. У Германіі і Нарвегіі на заслужаны адпачынак ідуць у 67 гадоў, Аўстраліі і ЗША - у 65, у Японіі - у 70.