У Беларусі прайшоў міжнародны форум ТЭМП - 2015

26 июля 2015

Амаль на тыдзень беларуская сталіца стала дыскусійнай пляцоўкай для сотні юнакоў і дзяўчат з 8 краін свету - усе яны актывісты прафсаюзаў, а таксама дзяржструктур і бізнесу. Тут прайшоў міжнародны форум ТЭМП - 2015.

Пачаўся ён з ускладання кветак на Кургане Славы. А ўжо пасля кожны дзень - маштабная праграма, уключаючы экскурсію ў Палацы Незалежнасці, на адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў свету па вытворчасці кар'ерных самазвалаў, у Нацыянальную бібліятэку, Музей Вялікай Айчыннай вайны і нават да нас, у Белтэлерадыёкампанію.

Акрамя гэтага, яшчэ дзясяткі майстар-класаў і што, самае галоўнае, магчымасць рэалізаваць свой сацыяльны праект. Кожны з удзельнікаў прэзентаваў яго прадстаўнікам бізнесу.

Пяць дзён наш карэспандэнт Улада Карніцкая таксама правяла ў моладзевым ТЭМПе. Дзясяткі гадзін адукацыйных трэнінгаў, адкрытыя дыялогі з прадстаўнікамі ўлады і абмен вопытам працы ў прафсаюзным руху. Усё гэта ў нашай краіне амаль на тыдзень аб'яднала моладзь з 8 краін свету.

Ад Мінска да Кішынёва, а, па сутнасці, амаль тысячу кіламетраў Стэла Страціла Сырбу пераадолела, каб даведацца, як у Беларусі вырашаюць адну з галоўных праблем Малдовы - міграцыю самых юных сваіх землякоў. Таму тут - на форуме - паставіла перад сабой задачу - пераняць станоўчы вопыт сваіх калег з нашай краіны

ТЭМП -2015 - гэта дыскусійная пляцоўка не толькі для маладых. Галоўная разыначка форуму - магчымасць пагутарыць з прадстаўнікамі ўлады, бізнесу і адукацыі. Адкрытая размова ў "тэмпаўцаў" адбылася з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта нашай краіны Ігарам Бузоўскім. Неабходнасць размеркавання пасля ўніверсітэтаў, інфармацыйныя тэхналогіі на рабочым месцы і нават працягласць водпуску - за некалькі гадзін зносін спікер адказаў на амаль 2 дзясяткі пытанняў

Такая адкрытая размова і нефармальная абстаноўка, на думку арганізатараў, у першую чаргу рухавік думкі. Чарговае таму пацвярджэнне - размова з кіраўніком Федэрацыі Прафсаюзаў Міхаілам Ардой. Усяго за пару гадзін такіх зносін прагучала адразу некалькі ініцыятыў ад моладзі.

Для іх нават падчас форуму адкрылі дзверы рабочай рэзідэнцыі Кіраўніка нашай дзяржавы. Эксклюзіўная экскурсія па Палацы Незалежнасці доўжылася некалькі гадзін.

Дзве з паловай гадзіны хлопцы і дзяўчаты аглядалі інтэр'еры Палаца. Пачалі з унутранага панадворка, дзе праходзяць урачыстыя сустрэчы высокіх гасцей. Ужо пасля - рабочыя залы, тыя самыя, у якіх кожны дзень прымаюцца важныя рашэнні, праводзяцца нарады, міжнародныя сустрэчы, прэс-канферэнцыі і перамовы. Дарэчы, прыехалі ў госці не з пустымі рукамі. Сувенір-сімвал адной з прафсаюзных акцый - зараз таксама ў музеі Палаца Незалежнасці.

Кожны дзень тут, на спартыўна-аздараўленчай базе Федэрацыі прафсаюзаў, а яна стала афіцыйным штабам ТЭМП-2015, адукацыйныя семінары. Удзельнікам форуму было дадзена хатняе заданне - паданне ўласных ідэй, якія з поспехам укараняюць у сябе на Радзіме. Галоўны крытэрый - сацыяльная скіраванасць. А ўжо правільна расставіць акцэнты падчас прэзентацый, "тэмпаўцаў" таксама навучылі прама тут - на спецыяльных трэнінгах. Акрамя таго, у выкладчыкаў яшчэ адна задача - піяр прафсаюзнага руху. І ўсё для таго, каб кожны яго ўдзельнік быў сацыяльна абаронены

Кожны дзень тут аб'яднаны асобнай тэмай. Права і міжнародныя адносіны, творчасць і нацыянальныя культуры, інавацыі і медыя. Менавіта ў гэты дзень - экскурсія па Белтэлерадыёкампаніі. Тут удзельнікі на некаторы час змаглі прымерыць на сябе ролю вядучых інфармацыйных праграм, убачылі працу навінавых студый і нават рарытэтныя камеры - у музеі галоўнага медыя-холдынгу краіны.

І асобнай тэмай стала праца журналісцкіх прафсаюзаў падчас размовы моладзі са старшынёй Белтэлерадыёкампаніі Генадзем Давыдзькам у штабе ТЭМПа пад Мінскам

Руслан Карташоў у сябе на радзіме - у Казахстане - працуе на прадпрыемстве па здабычы карысных выкапняў. На кар'ерах у працы легендарныя БелАЗы юнак бачыў уласнымі вачамі. Зараз з'явілася магчымасць убачыць, як збіраюць вялікагрузныя машыны - экскурсія па адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў свету - адзін з пунктаў праграмы ТЭМПа

Адзіныя мэты і ў моладзі з царквой. Гэта стала зразумела падчас духоўнай размовы свяшчэннаслужыцеляў з "тэмпаўцамі". У дзень рэлігіі і веры амаль сотня ўдзельнікаў пабывала на экскурсіі ў Храме Усіх Святых.

Шмат новага для сябе адкрылі ўдзельнікі форуму і ў "алмазе" ведаў нашай краіны - Нацыянальнай бібліятэцы - тут замежныя госці ўбачылі літаратурны набытак беларусаў. А вось тое, чаго звычайна няма ў праграме экскурсій, - гэта аздараўленчыя працэдуры ў санаторыі "Крыніца"

У праграме ТЭМПа парадку 2 дзясяткаў экскурсій, у тым ліку, і па культурных аб'ектах. Гэта і школа рамёстваў пад адкрытым небам, усё - з нацыянальным каларытам і, вядома, экскурсія ў Музей Вялікай Айчыннай вайны - у год 70-годдзя Вялікай Перамогі абысці бокам тэму мужнасці і гераічнасці цэлага пакалення проста немагчыма.

Практычна фінальным акордам пяцідзённага форуму стаў дзень экалогіі і прыроды. Кожны "тэмпавец" у Пятровічскім вадасховішчы змог выпусціць вось такога карпа. Зараз ужо сапраўды такая рыба тут будзе не рэдкасцю. Усяго ж у вадаёме пасялілася каля сотні новых рыб

Вынікі форуму падвялі ў яго штабе - недалёка ад Мінска. І тут жа было вырашана - ТЭМП стане традыцыйным і будзе праходзіць у нашай краіне кожны год. А значыць, больш стане і шанцаў у моладзі ператварыць сваю амбіцыйную ідэю ў праект, які працуе.