У Беларусі з'явіцца свой па-сапраўднаму народны аўтамабіль

6 декабря 2015

Пачнем з аднаго з самых амбіцыйных праектаў суверэннай Беларусі. У краіне з'явіцца свой па-сапраўднаму народны аўтамабіль. Новая галіна машынабудавання пакуль робіць першыя, але даволі ўпэўненыя крокі.

Пад Мінскам, да прыкладу, збіраюць амерыканскія і французскія машыны. Праца ідзе сем дзён на тыдзень і ў дзве змены. Кожны месяц прадпрыемства выпускае па 800-900 аўтамабіляў. Па кантракце, вось такія амерыканскія пазадарожнікі (любімая мадэль заакіянскіх знакамітасцяў і палітыкаў) адпраўляюцца выключна на экспарт, у Расію. А вось французскія аўтамабілі беларускай зборкі знаходзяць сваіх пакупнікоў у айчынных аўтасалонах.

Найболей маштабныя планы па развіцці легкавога аўтапрама ў нашай краіне - у беларуска-кітайскага прадпрыемства "БелДжы". Яго найбуйнейшымі заснавальнікамі сталі БелАЗ (50 % акцый) і карпарацыя "Джылі", доля якой складае 32,5%. На першым этапе на базе завода "Аўтагідраўзмацняльнік" была арганізаваная зборка седанаў, хэтчбэкаў і красовераў.

Наступны крок - будаўніцтва і запуск ультрасучаснага прадпрыемства з поўным тэхналагічным цыклам выпуску машын. Беларуска-кітайскі праект знаходзіцца пад асаблівым кантролем у Прэзідэнта. Увесну мінулага года Кіраўнік дзяржавы асабіста пратэставаў мадэлі аўтамабіляў, сабраных у Барысаве.

На гэтым тыдні Прэзідэнт правёў нараду, прысвечаную развіццю новай для нашага аўтапрама галіны. Кіраўнік дзяржавы паставіў мэту паскорыць увод у эксплуатацыю беларуска-кітайскага завода, аптымізаваць пры гэтым выдаткі і максімальна выкарыстаць айчынныя ноу-хау ў вытворчасці "БелДжы". "Джылі", якія сышлі з нашых канвеераў, пратэставалі не толькі беларусы, але і "Галоўны эфір".

Расказвае Ксенія Рабчынская.

Сваіх "канёў" пад капотам Валерый Грушэўскі падлічвае ўжо тыдзень - у панядзелак узяў новую "джылі" з салона. Да легкавушкі з маркіроўкай "Зроблена ў Беларусі" ў нашай краіне ішлі 2 дзясяткі гадоў. Беларускую прапіску атрымалі "Форд", "Саманд", "Сітраэн", але па-сапраўднаму народнымі аўтамабілямі - па розных прычынах - яны так і не сталі. І галоўны мінус - нізкая лакалізацыя вытворчасці.

Недалёка ад Мінска будуюць ультрасучаснае прадпрыемства з поўным тэхналагічным цыклам выпуску машын - ад зваркі да афарбоўкі. Задача-максімум - вырабляць 120 000 аўтамабіляў за год з выкарыстаннем айчынных ноу-хау у вытворчасці "БелДжы".

Зарабіць завод павінен ужо ў канцы наступнага года. Пры запуску амаль кожная трэцяя дэталь аўтамабіляў будзе беларускай вытворчасці. Ва ўрадзе плануюць, што да лета 2018-га ўзровень лакалізацыі і зусім складзе 50%. Такім чынам, павінен знізіцца выніковы кошт машын, а гэта дасць яшчэ адзін штуршок для павелічэння экспарту.

І такі рост заканамерны: аўтаканцэрн "Джылі" пастаянна развіваецца - брэнду каля 35 гадоў, але ён ужо ўваходзіць у лік паўсотні наймацнейшых кампаній свету. Холдынг вядзе паспяховы аўтабізнэс з 50 краінамі свету, сярод якіх ЗША, Расія, Украіна, дзяржавы Еўрасаюза і Паўднёваўсходняй Азіі. "Джылі" змагла набыць шведскую кампанію "Вольва", а таксама вытворцу знакамітых лонданскіх кэбаў. Зараз дызайнам у аўтаканцэрне займаецца мастак, які да гэтага працаваў на "Астан Марцін", "Форд", "Лэнд Ровар" і "Ягуар". На заводзе пад Барысавам будзе вырабляцца новае пакаленне беларуска-кітайскіх аўтамабіляў.

Пацвярджаюць вялізны патэнцыял праекта і эксперты: па розных дадзеных, праз некалькі гадоў кожны дзясяты аўтамабіль у свеце будзе кітайскім. Пакуль, прызнаюць, доля продажаў у айчыннага "Джылі" нават на ўнутраным рынку невялікая, але з увядзеннем бонусаў для аўтаўладальнікаў, напрыклад, магчымасці лізінгу або замены старога аўто на новае - так званага трэйд ін - сітуацыя можа кардынальна змяніцца.

Тое, што легкавушкі з маркай "Зроблена ў Беларусі", не проста практычныя для аўтааматараў, але і зручныя для аўтапрафесіналаў - пацвярджаюць тыя, хто за рулём праводзіць мінімум 8 гадзін за суткі - таксісты. Адна з сталічных служб закупіла каля 130 "Джылі" для свайго парка.

Свой выбар зрабіла і галоўная аўтамабільная тэлеперадача Белтэлерадыёкампаніі - і таксама на карысць "джылі". "Каробка перадач" катаецца на беларуска-кітайскім аўто амаль год. "Джылі" з маркай "Зроблена ў Беларусі", прызнаюцца, не перастае здзіўляць - і толькі ў добрым сэнсе.