У Беларусь з візітам прыбыў дзяржсакратар Ватыкана П'етра Паралін

15 марта 2015

Нягледзячы на тое што гэтымі днямі Святы Прастол адзначае афіцыйнае свята – другую гадавіну абрання Папы Францыска - кардынал (а ён з'яўляецца фактычна прэм'ер-міністрам Ватыкана) прыляцеў у Мінск.

Гэта падкрэслівае асаблівы статус Беларусі не толькі ў каталіцкім свеце, але і ролю нашай краіны на міжнароднай арэне. П'етра Паралін - дыпламат са стажам, працаваў у Нігерыі, Мексіцы, быў паслом у Венесуэле.

На сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам размова зайшла пра міжцаркоўную дыпламатыю. У Беларусі яна праяўляецца асабліва: два галоўныя храмы дзвюх вер стаяць на адной плошчы. Мірнае суіснаванне розных канфесій у краіне можа служыць прыкладам усёй сусветнай супольнасці. Зрэшты, галоўныя каштоўнасці, якія вызнае каталіцызм (гэта ўзаемадапамога і добрае стаўленне адно да аднаго) - рысы, уласцівыя і самім беларусам.

Кардынал П'етра Паралін, дзяржаўны сакратар Ватыкана: "Я вельмі рады чуць ад Вас словы высокай ацэнкі ў дачыненні да ролі, якую рэлігійныя суполкі адыгрываюць у жыцці краіны. У мяне была магчымасць пагутарыць з Мітрапалітам Паўлам. Хачу сказаць, што падчас гэтай сустрэчы было вельмі шмат момантаў, якія падкрэсліваюць тое, што адносіны паміж католікамі і праваслаўнымі ў Беларусі сапраўды братэрскія".

За 23 гады дыпадносінаў Беларусі і Ватыкана колькасць каталіцкіх прыходаў у краіне павялічылася ў 4 разы. Вернікам перададзена каля трохсот культавых будынкаў. Аднак Каталіцкая царква ў краіне павінна стаць менавіта беларускай. Размова пра святароў. Пакуль з чатырохсот ксяндзоў з нацыянальным пашпартам толькі трыста, астатнія - іншаземцы. Вырашыць гэтае пытанне дапаможа і стварэнне тэалагічнай акадэміі. Па даручэнні Прэзідэнта ўжо ў першым паўгоддзі вызначацца з зямельным участкам і пачнуць будаўніцтва.

А на гэтым падмурку ўмацуюць дыпадносіны паміж Мінскам і Ватыканам. Дзяржсакратар П'етра Паралін асвяціў першы камень будаўніцтва Апостальскай нунцыятуры. Прасцей кажучы, пасольства Святога Прастола ў Мінску. У беларускай сталіцы кардынал пагутарыў і з вернікамі. У выхадныя правёў дзве імшы: для моладзі ў Чырвоным касцёле і для дзяцей у галоўным каталіцкім храме краіны.