У Беларусь прыбылі першыя назіральнікі ад АБСЕ

30 августа 2015

Гэты тыдзень у календары падрыхтоўкі да галоўнай палітычнай падзеі года адзначаны яшчэ адным этапам перадвыбарнай кампаніі.

У Беларусь прыбылі першыя назіральнікі ад АБСЕ. Пакуль 11 чалавек, але ў панядзелак да іх далучацца яшчэ каля 40 спецыялістаў з 16 краін. Кіраўнік місіі, пасол Жак Фор, асабіста сустрэўся са Старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, кіраўніком МЗС Уладзімірам Макеем, а таксама правёў першую прэс-канферэнцыю, дзе паабяцаў журналістам не ўмешвацца ў выбарчы працэс. Увогуле для маніторынгу прэзідэнцкіх выбараў у нас у краіне чакаюць каля 800 міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ і СНД.

Завяршыўся яшчэ адзін важны працэс - па ўсёй краіне створаны ўчастковыя камісіі. Працаваць у іх выявілі жаданне больш за 70 тысяч чалавек. З іх звыш 500 - гэта прадстаўнікі палітычных партый і грамадскіх рухаў.

На першы тур выбараў з бюджэту ўжо пералічана больш за 40 мільярдаў беларускіх рублёў. Гэтая сума пойдзе на падтрымку тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій, на выраб бюлетэняў для галасавання, планшэтаў для грамадзян з праблемамі зроку, а таксама для стварэння плакатаў, дзе будзе размешчана інфармацыя пра кандыдатаў.

Дарэчы, біяграфіі і праграмы прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду, а таксама ўсе навіны выбарчай кампаніі зараз можна вывучаць у любым месцы свету з дапамогай сучасных гаджэтаў. Неабходна толькі загрузіць мабільны дадатак "Выбары-2015". Яго распрацаваў 18-гадовы студэнт мехмата БДУ.