У Аўстрыі знайшлі беларускія тэксты пра самы стары манастыр у цэнтры Еўропы

28 апреля 2019
У Нацыянальнай бібліятэцы Аўстрыі знойдзеныя дакументы практычна па ўсіх манастырах Беларусі XVIII стагоддзя. Гэта 5 рукапісных кніг, якія пазначаны як "матэрыялы генеральных візітацый (г.з. наведванняў) манастыроў". 

Гэта нешта накшталт справаздачы рэвізора. Спецыяльны агент вышэйшай духоўнай асобы адпраўляўся па ўсіх манастырах з інспекцыяй, ход праверкі заносіў у спецыяльны часопіс. Там усё - ад манаскага складу да апісання пабудоў манастыра. Гэтыя часопісы і выявілі архівісты. Былі зробленыя лічбавыя копіі, але толькі для навуковага выкарыстання. 

Больш за 100 дакументаў выяўлена толькі па Лаўрышаўскім манастыры. Гэта самы старажытны мужчынскі манастыр на тэрыторыі Беларусі, і, на жаль, яшчэ маладаследаваны. Алена Борматава пра тое, як старажытныя рукапісы раскрываюць духоўныя таямніцы.

Раздрукаваныя лічбавыя копіі рукапісаў. Усяго некалькі экзэмпляраў. Тое, што магчыма паказаць. Сканы дакументаў 300-гадовай даўнасці архівісты рабілі выключна для навуковага выкарыстання. Старонкі з пяці кніг генеральных візітацый па манастырах нашых зямель з 1736 па 1798 гады. Больш за 100 дакументаў  пра самы малавывучаны, але самы старажытны мужчынскі манастыр Беларусі - Лаўрышаўскі. Ён быў заснаваны ў XIII стагоддзі.

Выглядаюць даволі сціпла, але захоўваюць у сабе мноства адказаў на шматвяковыя таямніцы нацыянальнай гісторыі. Тут не толькі спісы тых, хто пражываў у Лаўры 300 гадоў таму, але і апісанне манастырскіх архіва і бібліятэкі. Зараз можна з дакладнасцю сказаць, якія кнігі захоўваліся ў Лаўрышаве. У дакументах апісваюцца і ўсе манастырскія пабудовы - сакральныя і гаспадарчыя. 

Дакументы, знойдзеныя ў Аўстрыі, адносяцца да перыяду будаўніцтва Свята-Успенскай царквы ў Лаўрышаве. Магчыма, яны адкрыюць некаторыя манастырскія таямніцы. Сёння існуе версія, што храм будаваўся над святымі астанкамі, якія падчас археалагічнай экспедыцыі былі знойдзены некалькі гадоў таму. Пакуль дачасна гаварыць, бо дакументы не пераведзены, але, магчыма, рукапісы захоўваюць адказ, так гэта або не.

Храмавыя сцены ўсё тыя ж - ім амаль 250. Столькі ж яны і захоўвалі таямніцу. Крыпта была засыпаная зямлёй. Перш чым дабрацца да саркафагаў, давялося уручную выкапаць некалькі тон грунту. Версія, якую высунулі археолагі, - у адным з саркафагаў мошчы Святога Елісея - заснавальніка манастыра. Манастыр, які з'яўляўся цэнтрам Вялікага княства Літоўскага, бо адным з манахаў быў  сын Міндоўга (першага і адзінага караля ВКЛ) - Войшалк, на той момант вялікі князь Літоўскі. А там дзе быў кіраўнік дзяржавы, там знаходзіўся і яго цэнтр. Акрамя таго, існуе адна з навуковых гіпотэз: менавіта Войшалк стаў ініцыятарам стварэння знакамітага Лаўрышаўскага Евангелля. 

Святая кніга больш як 500 гадоў захоўвалася ў манастыры. А ў 19-м стагоддзі яе вывезлі ў Расію, затым Францыю. Сёння кніжны помнік знаходзіцца ў фондах бібліятэкі Чартарыйских у Кракаве. Зусім нядаўна ў выглядзе факсіміле вярнуўся ў Лаўрышава. 

Сучасная эпоха адраджэння для прыстанку пачалася каля дваццаці гадоў таму. Калі жыхары вёскі Гнесічы - самай бліжэйшай да паўвострава - на падмурку старажытнага храма пабудавалі новую царкву. Храм стаў тым самым цэнтрам, вакол якога і пачало адраджацца манастырскае жыццё. 

Гэта сёння ў праваслаўны прыстанак лёгка можна трапіць па драўляным мосце праз Нёман, а адразу пасля адраджэння духоўнага цэнтра дабрацца на паўвостраў можна было толькі ў аб'езд. Гэта парадку 25 кіламетраў. Іх практычна штодня і пераадольвалі манахі. Сёння ў манастыры пражываюць каля дзесяці насельнікаў. Кожны дзень яны пачынаюць і заканчваюць малітвамі. Займаюцца і адраджэннем прыстанку, і гаспадарчымі працамі, і гістарычнымі даследаваннямі.  Самы старажытны дакумент аб Лаўрышаўскім манастыры датуецца 1334-м годам. Пергамент захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. У нашых жа фондах можна знайсці яшчэ некалькі рукапісных рарытэтаў, напрыклад, аб перадачы манастыру земляў і маёмасці. Дарэчы, у адным з дакументаў пачатку 16 стагоддзя прыстанак упершыню ў Беларусі завецца Лаўрай. 

Навукоўцы высоўвалі версію, што на той час тут жыла даволі вялікая брація. Але знойдзеныя ў Вене дакументы адкрываюць зусім іншыя факты. У манастыры заўсёды было вельмі мала насельнікаў. Чалавек 5-6. У беларускіх фондах таксама ёсць кнігі візітацыі манастыроў. Гэтая, да прыкладу, 1819 года. Напісаная гадоў праз 20 пасля аўстрыйскага экзэмпляра. 

Яна аналагічная тым, што захоўваюцца ў Вене. Але як справаздачы па духоўных цэнтрах нашых земляў маглі там апынуцца, невядома. Можна толькі строіць гіпотэзы і высоўваць версіі. Але реэміграцыя гэтых рукапісаў у электронным выглядзе, а пазней і ўвядзенне іх у навуковы абарот, з'яўляецца не толькі вяртаннем нашай дакументальнай спадчыны, але і ўзнаўленнем духоўнай карты Беларусі.