Раніцай 9 Мая ля стэлы "Мінск - горад-герой" сабраліся тысячы беларусаў

10 мая 2015

70 мірных гадоў. У гэтыя святочныя дні цэлыя пакаленні аб'ядноўвае агульны боль і агульны гонар за людзей, якія выратавалі краіну ад ворага. Нядзіўна, што раніцай 9 Мая ля стэлы "Мінск - горад-герой" сабраліся тысячы беларусаў. Паглядзець на юбілейны ваенны парад, у якім многае было ўпершыню. Сталь і строгія рады ваеннай эліты, найноўшае ўзбраенне і легендарны Т-34. У небе - паветраныя асы. Абаронцы Бацькаўшчыны мінулага і армія сучаснасці.

Ілона Красуцкая пра тых, хто не толькі ваяваў, але і канструяваў тэхніку, пра юбілейны парад у цэнтры Мінска, свята ў рэгіёнах і многае іншае. Наша перамога - у святочным рэпартажы.

Аляксандр Фёдаравіч Фень - генерал-маёр у адстаўцы. Чалавек, які канструяваў танкі, прайшоў Сталінград, бітву пад Курскам, вызваляў Беларусь. Яму таксама лёгка здаліся ў палон смартфоны і інтэрнэт-камунікацыі. За гады вайны знішчыў 12 варожых танкаў, двойчы гарэў ў сваёй баявой машыне. Праз 70 гадоў ён да драбнюткіх дэталяў памятае гэтыя 1418 дзён і начэй. І ў кожныя з іх лёс дарыў шанец.

Чатыры разы паранены. За вызваленне Беларусі ўзнагароджаны ордэнам Аляксандра Неўскага. Сёння Аляксандру Фёдаравічу - 92. У яго тры ўнукі і дзве праўнучкі.

Аляксандр Фень, ветэран Вялікай Айчыннай вайны: "На фронце наогул не трэба гаварыць, там страшна або не. На фронце ўсё можна чакаць. Ты можаш добра выканаць задачу і застацца жывым, і ты можаш быць забітым і можаш быць параненым. Але калі гэтага ўсяго баяцца, то складана ваяваць. Пра гэта я, напрыклад, не думаў".

70 мірных гадоў. Зараз кожны год ад Перамогі да Перамогі яны ваююць з галоўным праціўнікаў - часам. І хай праз узрост і пад цяжарам дзясяткаў медалёў і ордэнаў ужо не зрабіць спіну струной. Гэтыя рэліквіі, сведкі доблесці і бясстрашнасці, на майскім сонцы адлюстроўваюць у вачах радасць перамогі.

Розныя гарады. Розныя лёсы. Агульны боль і агульны гонар за людзей, якія выратавалі краіну. У Беларусі 16800 ветэранаў. Яны нясуць гісторыю памяці. У асабістых успамінах і чорна-белай хроніцы дзецям, унукам, праўнукам пра тое, як набліжалі перамогу і верылі ў мірную гісторыю. Іх не рыхтавалі ў героі, імі сталі самі. Іх трыумф сёння падзяляюць мільёны.

Абсалютная цішыня. Удары метранома. Памяць пра кожнага трэцяга загінуўшага. Пра боль і страх жыхароў разбураных 200 гарадоў і 9 000 вёсак і сёлаў. Мы памятаем, мы вывучылі ўрокі гісторыі, гэта наша Перамога - яна не перагледжваецца! З такім пасланнем да ветэранаў, парадных разлікаў і народа звяртаецца галоўнакамандуючы, Прэзідэнт Беларусі.

Даўжыня параднай калоны - рэкордныя пяць кіламетраў. Задзейнічана больш за 5 000 вайскоўцаў: ад сувораўцаў да зводнай роты ганаровай варты. Нязменная традыцыя: у парадзе прымаюць удзел воіны і тэхніка нашага асноўнага саюзніка - Расійскай Федэрацыі. Парад на зямлі і ў небе. Клін суперпрафесіяналаў - гонар Беларусі - нацыянальная авіяцыйная школа.

9 мая ў Мінску высадзіўся і дэсант ВПС ЗША. Праўда, музычны.

У гэтыя майскія дні, каб убачыць парад на свае вочы, у Мінск прыехалі госці з усяго свету: ад Паўночнай Амерыкі да Кітая. Адзінства нацый і пакаленняў. Няйначай сведчанне таго, што мы памятаем і ганарымся гэтай агульнай перамогай.

Адной з першых удар нямецка-фашысцкіх захопнікаў прыняла на сябе Брэсцкая крэпасць. Да святой зямлі сёння кладуць кветкі і схіляюць калені. Разам з ветэранамі ў цытадэль ідзе "Бессмяротны полк". Фатаграфіі герояў нясуць нашчадкі.

Маўчанне даўжынёй на хвіліну за сотні дзён ратнага подзвігу, барацьбы за жыццё і за краіну. Пра вечную памяць і боль пакаленняў у Гродне ў гэтыя дні б’юць званы. Да юбілею Вялікай Перамогі сімвал мужнасці і гераічнасці савецкіх салдатаў Курган Славы паўстае ў новым абліччы.

Пакаленне пераможцаў сёння зноў у страі. Над галовамі - штандары франтоў, якія вызвалялі Віцебскую вобласць, і сцяг - дакладная копія сцяга Перамогі. Ужо чацвёртае пакаленне захоўвае іх памяць.

Буйніцкае поле. Менавіта тут у 41-м савецкія войскі стрымлівалі націск фашысцкай арміі. 23 дні чырвонаармейцы і жыхары Магілёва трымалі абарону. Ушанаваць памяць і пакланіцца іх подзвігу сюды прыйшлі сотні людзей.

Нягоды і голад. Франтавое жыццё. Але ў іх верылі і чакалі. Ля палаца Румянцавых-Паскевічаў паўстаў пасляваенны Гомель. Гэта ўжо навочная энцыклапедыя для тых, хто, на шчасце, ведае пра Вялікую Айчынную толькі з аповедаў і кніг.

Нашы пераможцы. Нашы ветэраны. Героі мінулага, сучаснасці і вечная памяць у будучыні. У гэтыя святочныя дні пра іх гавораць унукі і праўнукі Перамогі.

"Кветкі Вялікай Перамогі" - на лацканах сотняў тысяч беларусаў. Сувязь пакаленняў, сімвал росквіту суверэннай Беларусі і ролі перамогі ў станаўленні і развіцці краіны.

Генадзь Давыдзька, Старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Гэтая перамога - вялізная адказнасць. Перамогу зрабілі прадзеды, дзяды аднавілі гэтую краіну. А наша пакаленне павінна вялізнай працай апраўдвацца перад імі. Рабята, мы годныя гэтай перамогі. Дзякуй вам, мы годныя. А малодшае пакаленне таксама павінна задумацца, яны гавораць: "Наша перамога". Гэта перамога іх прадзедаў, яны павінны зрабіць сваю перамогу. Хай яна будзе працоўнай. Яна выяўляецца ў любові да Радзімы, як яна павінна выяўляцца, у штодзённай працы і разуменні сённяшняга моманту".

Леанід Заяц, Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: "Самае дарагое для кожнага ў Беларусі - гэта наша радзіма, наша зямля, палітая крывёй нашых продкаў, бацькоў і дзядоў. Святая зямля, якой мы павінны пакланіцца, на якой мы павінны працаваць. У імя нашых дзяцей, нашага грамадства".

Убачыўшы на вуліцы, іх цалуюць выпадковыя прахожыя, абдымаюць дзеці. Вайскоўцы бяруць пад казырок. Дзякуюць за перамогу і дораць кветкі.

Увечар 9 Мая неба над Мінскам размалявана ў іх гонар. Пад пераможныя залпы салюта яны па звычцы ўздрыгваюць. Бляск у вачах - водгалас мінулага і вера ў будучыню. Бо ім трэба выканаць яшчэ адну галоўную місію - сустрэць наступны юбілей Перамогі.