Украіна. Тры гады новага жыцця

26 февраля 2017

Рост інвестыцый, годныя зарплаты, сумленныя чыноўнікі і бязвізавы рэжым з Еўропай. Такой павінна была стаць Украіна да 2017. Прынамсі, тры гады таму гэта абяцалі лідары пратэстаў на Майдане. Зараз відавочна, што ні адзін з пунктаў не выкананы, але ж за імкненне жыць па-новаму краіна заплаціла страшную цану: гэта і тысячы загінуўшых на ўсходзе, і сто з лішнім чалавек - маніфестантаў і праваахоўнікаў - забітых у разгар пратэстаў невядомымі снайперамі. Дарэчы, пошук гэтых снайпераў - тэма для асобнай гутаркі.

У выніку расследавання высветлілася, што рознага кшталту агнястрэльная зброя выкарыстоўвалася і дэманстрантамі, і "Беркутам", але знайсці менавіта тыя ствалы, з якіх была застрэленая большая частка загінуўшых, так і не атрымалася. Усе больш-менш значныя рэчыўныя доказы дзіўным чынам "згубіліся". Новыя ўлады Украіны ўсклалі адказнасць за расстрэлы на Януковіча, сам Януковіч абвінаваціў у арганізацыі забойстваў лідараў пратэстаў і намякнуў, што яму ўжо сапраўды не выгадная была смерць маніфестантаў. На днях, выступаючы на прэс-канферэнцыі ў Расіі, экс-прэзідэнт Украіны адзначыў, што снайперы выбіралі ў якасці цэляў звычайных людзей, якія не належалі ні да якіх груповак, і вялі агонь з будынкаў, падкантрольных радыкалам.

У любым выпадку падзеі ў Кіеве леглі ў канву аналагічных падзей у цэлым шэрагу краін, дзе здарыліся рэвалюцыі. Формула была простая: людзі выходзяць на вуліцу, некаторых з іх забіваюць, улада звяргаецца. Расследаванне расстрэлу людзей ва Украіне, як кажуць, завісла, і гібель дзясяткаў людзей засталася і, падобна, застанецца бяскарнай. У гадавіну расстрэлу на Майдане ў Кіеве ўшанавалі памяць "Нябеснай сотні", а заадно падвялі вынікі трох гадоў новага жыцця. Падрабязней - Юрый Казлоў.

18 лютага 2014 - вулічнае супрацьстаянне, якое доўжылася ў Кіеве амаль тры месяцы, дасягнула піку. Дзясяткі загінуўшых і сотні параненых усяго за адзін дзень: падпаленыя грузавікі, кактэйлі Молатава, свіст куль… Пасля гэтага абвастрэння ўлада і апазіцыя селі за стол перамоў і нават склалі часовае перамір'е, але насілле не спынілася. Праз суткі невядомыя снайперы адкрываюць агонь у раёне Майдана. Страляюць і ў дэманстрантаў, і ў праваахоўнікаў. Спіс загінуўшых імкліва расце. Усяго ахвярамі супрацьстаяння становяцца 19 супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і 106 дэманстрантаў - "Нябесная сотня".

У трэцюю гадавіну расстрэлу на Майдане помнік загінуўшым у цэнтры Кіева завалены кветкамі. Ля манумента штодня збіраюцца тысячы людзей. Многія з іх былі тут і ў разгар падзей трохгадовай даўнасці. На тварах скруха і расчараванне. Сто чалавек загінулі на Майдане, тысячы - на ўсходзе краіны. А лепшае жыццё, за якое змагаліся, дагэтуль не наступіла.

Прычыны незадаволенасці ў грамадзян тыя ж, што і тры гады таму: карупцыя і нізкі ўзровень жыцця. Прычым дабрабыт украінцаў у параўнанні з дарэвалюцыйнымі часамі пагоршыўся. Сярэдняя зарплата ў краіне за мінулы год - 170 долараў - у два з лішнім разы меншая, чым у 2012. Тарыфы растуць - мінулай вясной яны павялічыліся адразу на 70%, і грошы, каб аплаціць камунальныя плацяжы, ёсць далёка не ва ўсіх. Зараз доўг за камуналку ў краіне складае рэкордныя 850 мільёнаў долараў. І вось чаму: сярэдняя сума ў графе "Ацяпленне" за снежань - 75 долараў у эквіваленце - амаль палова сярэдняй зарплаты або крыху больш за сярэднюю пенсію… І гэта толькі ацяпленне...

Сапраўдны фурор на такім фоне выклікалі апублікаваныя мінулай восенню дэкларацыі дзяржслужачых. Адны толькі дэпутаты Вярхоўнай рады задэкларавалі каля паўмільярда долараў на ўсіх. У сярэднім выходзіць па мільёне долараў на кожнага народнага выбранніка. Наяўнымі. Нядзіўна, што памятныя акцыі ў гонар трэцяй гадавіны Майдана праходзілі пры небывалых мерах бяспекі. Рух транспарту ў цэнтры Кіева быў перакрыты, на Крашчаціку і вуліцах побач з'явіліся рамкі і металадэтэктары, а на ўездах у горад нават выставілі ваенныя патрулі. Радыкалы заклікалі прыхільнікаў ізноў ставіць на Майдане палаткі і прыносіць з сабою зброю. А ў Радзе народны дэпутат Білецкі і баец батальёна "Азоў" па сумяшчальніцтве адкрыта прыгразіў народным выбраннікам новым Майданам.

Андрэй Білецкі, народны дэпутат Украіны: "Мы, украінскія нацыяналісты, аб'ядноўваем высілкі для таго, каб супрацьстаяць узброенаму акупанту на ўсходзе і фінансаваму дыктату Захаду, але галоўнае - для таго, каб знішчыць гэтую ўладу, якая памылкова завецца ўкраінскай".

Зрэшты, пакуль буйных сутыкненняў у цэнтры Кіева зафіксавана не было - прынамсі, на мясцовыя меркі. У калатнечу з праваахоўнікамі некалькі разоў уступалі нацыяналісты, якія патрабавалі адстаўкі ўрада і раскулачвання алігархаў. Па іроніі лёсу, разганяць радыкалаў прыйшлося атрадам паліцыі, сфарміраваным з удзельнікаў пратэстаў трохгадовай даўнасці.

Эксперты ацэньваюць верагоднасць новага сацыяльнага выбуху ва Украіне як высокую. Рэйтынгі дзеючай улады б'юць антырэкорды: паводле апытанняў, якія праводзіў Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі, дзейнасць прэзідэнта Парашэнкі адабраюць толькі 13% рэспандэнтаў. Кабінету міністраў вераць меней за 10% апытаных, народным дэпутатам - каля пяці. Лічбы яшчэ раз пацвярджаюць тэндэнцыю, якая склалася ва Украіне з двухтысячных: змена прэзідэнта не змяняе сітуацыі, бо пасля кожнага абнаўлення ўлады ў Радзе застаюцца тыя ж асобы, за якімі стаяць тыя ж людзі, гэта значыць нават пасля Майдана сама сістэма - з алігархамі і кішэннымі дэпутатамі - засталася ранейшай.

Часткай вялікай бізнес-схемы шматлікія лічаць нават няспынную вайну на ўсходзе. Афіцыйна Кіеў не вядзе гандаль з непрызнанымі рэспублікамі. На справе ж лінію судакранання штодня перасякаюць грузавікі з самымі рознымі таварамі.

Каб спыніць шэрыя пастаўкі, нацыяналісты з пачатку лютага заблакіравалі чыгуначную сувязь з непадкантрольнымі афіцыйнаму Кіеву тэрыторыямі, а заадно адрэзалі Украіну ад паставак антрацытавага вугля - на ім працуе большая частка цеплаэлектрастанцый краіны. Арганізатараў блакады мясцовыя СМІ злучаюць зусім не з патрыятычнымі рухамі, а з алігархам Ігарам Каламойскім, якому выгадны перавод украінскіх ЦЭЦ на мазут. У сярэдзіне лютага ў дзяржаве было ўведзена надзвычайнае становішча ў энергетычнай сферы. Прэм'ер Гройсман папярэдзіў насельніцтва пра будучыя веерныя адключэнні электрычнасці. Украінцы з гэтай нагоды змрочна жартуюць у сацсетках: няма святла - менш плаціць за электрычнасць.