У праваслаўных хрысціянаў сёння Вялікдзень або Уваскрэсенне Хрыстовае

8 апреля 2018

Дзень пад знакам збавення і надзеі, ахутаны водарамі свежых кулічоў, калі прынята падносіць адно аднаму ў якасці сувеніра чырвонае яйка. У праваслаўных хрысціянаў сёння галоўнае свята - Вялікдзень або Уваскрэсенне Хрыстовае. Менавіта ў гэтай урачыстасці закладзеная сутнасць веравызнання. Хрысціяне вераць у адкупленне чалавечых грахоў праз смерць Ісуса Хрыста і яго наступнае ўваскрэсенне. Гэта дае надзею на выратаванне кожнаму.

Дарэчы, праваслаўе - найбуйнейшая рэлігійная канфесія ў нашай краіне. У гэты дзень да ўрачыстасцяў далучыліся каля 4 з паловай мільёнаў беларусаў. На працягу ўсяго дня святочныя службы праходзілі ў царкоўных прыходах па ўсёй Беларусі.

Галоўная літургія адбылася ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску. Яе ўзначаліў мітрапаліт Павел. Пасля набажэнстваў вернікі віталі адно аднаго словамі: "Хрыстос уваскрэс" - "Сапраўды ўваскрэс", пасля чаго збіраліся сем'ямі за святочным сталом. Усё ж строгі пост скончыўся, і можна сабе дазволіць традыцыйныя пачастункі - кулічы, тварогавыя пірагі і яйкі - сімвал новага жыцця.