Цэнтральнай падзеяй міжнароднага парадку дня гэтага тыдня стаў двайны саміт у Казахстане. У курортны пасёлак Бурабай з'ехаліся лідары краін Садружнасці і Еўразійскага эканамічнага саюза. Пачалі прэзідэнты не з інтэграцыйных пытанняў. Нурсултан Назарбаеў ад імя сваіх калег па СНД павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перамогай на выбарах. Не абышоў гэтай тэмы і Уладзімір Пуцін падчас двухбаковай сустрэчы. Паводле слоў беларускага лідара, выбары ў краіне прайшлі па стандартах ААН, АБСЕ, ПАСЕ. І для яго было вельмі важна, як прагаласуюць беларусы пры такім моцным уплыве звонку.
На парадку самітаў СНД і ЕАЭС было ўсё: ад рэгіянальнай эканомікі, міграцыйнай палітыкі, якая патрабуе сёння асаблівай увагі, да глабальнай бяспекі. На думку экспертаў, сустрэча альянсу Масквы, Мінска, Астаны, Ерэвана і Бішкека была куды больш эфектыўнай за размову за круглым сталом Садружнасці. Сёння Еўразійскі саюз - больш прасунутая форма інтэграцыі, прыцягвае ў сваю зону свабоднага гандлю такіх гігантаў, як Індыя, Кітай, Іран, Ізраіль, В'етнам. У Казахстане Аляксандр Лукашэнка шчыра выказаўся наконт будучай Садружнасці. Калі СНД не пачне вырашаць сур'ёзныя праблемы постсавецкай прасторы, то так і застанецца палітычным клубам, здольным толькі на прыняцце заяў.