Трасцянец стаў для ўсяго свету сімвалам мужнасці непераможаных народаў

28 июня 2015

Чэрвеньскім вечарам на ўскраіне Мінска сабраліся мінчане і госці сталіцы з блізкага і далёкага замежжа. Каб пакланіцца зямлі, у якой  попел тысяч людзей, спаленых нацыстамі. Памяць ахвяраў генацыду ўшанаваная ў мемарыяльным комплексе "Трасцянец".

Яшчэ год таму на вуліцы Сяліцкага ў Мінску  было чыстае поле і руіны пабудоў былога канцлагера. Актыўнае будаўніцтва мемарыяла пачалося пасля наведвання Трасцянца Кіраўніком дзяржавы летам мінулага года. Увесь гэты час праект быў на асабістым кантролі Прэзідэнта.

Гэтай падзеі ў Беларусі і іншых краінах чакалі даволі  доўга. Усяго за год зроблена амаль немагчымае. Добраўпарадкаваная тэрыторыя, дзе ў перыяд нацысцкай акупацыі размяшчаўся канцлагер, з'явілася Дарога памяці, экспазыцыя… І, вядома, скульптурная кампазіцыя "Брама памяці".

Трасцянец - месца, дзе жыве памяць і боль. І падчас цырымоніі адкрыцця шматлікія ледзь стрымлівалі слёзы. Як працавала машына знішчэння, хто вярнуўся з пекла, і чые імёны яшчэ чакаюць сваёй гадзіны. Гістарычнае расследаванне нашай праграмы.

Расказвае Ніна Мажэйка.

Так званыя лагеры смерці будавалі ў маляўнічых месцах, утоеных ад старонніх вачэй побач з лясным масівам. Як правіла, нацысты выбіралі маленькія населеныя пункты, але самая галоўная ўмова - наяўнасць чыгуначнай веткі.

На 200 га наладзілі ўсю неабходную інфраструктуру: ад хаткі каменданта з падвалам для катаванняў да млына. Падмуркі гэтых пабудоў аднавілі на тэрыторыі сучаснага мемарыяла. Увесну 1942-га вёска афіцыйна звалася "працоўным лагерам".  Па факце ж, селішча адрознівалася ад узорных Дахаў  і Заксенхаўзена толькі тым, што ніякага падліку вязняў не вялі. Ім не прысвойвалі нумары, каб не выклікаць падазрэнняў. Паводле нацысцкай легенды, усе знаходзіліся тут часова. Эшалоны з сотнямі дэпартаваных прыязджалі ў Малы Трасцянец практычна штодня.

Гэтыя таполі - аднагодкі  лагера смерці. Так званую Алею Штраўха даўжынёй у кіламетр высадзілі па загадзе кіраўніка фашысцкай службы бяспекі Мінска. "Шлях у нікуды" пераадольвалі адабраныя для прац на тэрыторыі лагера дэпартаваныя яўрэі з Аўстрыі, Чэхіі, Германіі. Сярод вязняў былі і людзі з савецкім грамадзянствам: партызаны, падпольшчыкі, ваеннапалонныя і проста мясцовыя жыхары. Аднак іх імёны і прозвішчы так і застануцца невядомымі.

З тысячы прыбыўшых прыкладна сотня падаўжала сваё жыццё яшчэ на 2-3 месяцы - столькі ў сярэднім жылі на тэрыторыі лагера. Нямецкае камандаванне вяло жорсткі адбор: на працы бралі, як правіла, маладых мужчын, здольных вытрымліваць нагрузкі. Цанілі і профільных спецыялістаў. У музеі Вялікай Айчыннай вайны захоўваюцца асабістыя рэчы, якія назаўжды засталіся без гаспадароў.

Жыццёвыя партрэты вязняў гісторыкі аднаўляюць па крупінках. У доме, дзе некалі размяшчалася Мінскае гета, сёння гістарычная майстэрня. Спецыялісты шукаюць новыя зачэпкі ў справе пра Трасцянец сумесна з еўрапейскімі калегамі. 2 гады таму на сайце майстэрні стварылі двухмоўны электронны архіў, дзе размешчаныя гісторыі сведак фашысцкіх злачынстваў: падрабязная анкета, фатаграфіі і дакументы.

А гэта ўжо сучасны Малы Трасцянец. Знаходзіцца ў мікрараёне Шабаны непадалёк ад Магілёўскай шашы па вуліцы Сяліцкага. На карце пазначаныя галоўныя аб'екты мемарыяльнага комплексу: першая чарга мемарыяла (1), месца падвала (2), у якім спалілі 6 з паловай тысяч мірных жыхароў, урочышча Шашкоўка (3) - пункт знішчэння вязняў у крэмацыйнай яме-печы і Благаўшчына (4) - тэрыторыя масавых расстрэлаў.

Благаўшчына - другая чарга мемарыяла. Асобны эпізод і апошні пункт у фашысцкім сцэнарыі знішчэння чалавека. Тут свой апошні шлях праходзілі людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Пасля прыезду ў асуджаных забіралі рэчы і вялі на расстрэл.

Адсявалі, як правіла, жанчын і дзяцей. Гэтае асаблівае месца дагэтуль захоўвае асабістую гісторыю кожнага з забітых. Недалёка ад тэрыторыі, дзе размяшчаюцца 34 магілы-рова, сваякі і блізкіх вязняў з Аўстрыі, Германіі, Чэхіі, Польшчы зрабілі прыродны мемарыял - на дрэвах размясцілі партрэты загінуўшых. Каб памяталі.

Галіна Левіна, галоўны архітэктар творчай майстэрні Л. М. Левіна, дачка архітэктара Леаніда Левіна: "Урочышча Благаўшчына - гэта месца асаблівае, таму што, калі ў вязняў лагера непасрэдна быў шанец на дзень, на два, на тыдзень жыць, то Благаўшчына - гэта быў апошні момант жыцця".

Свой праект - другую чаргу комплексу "Трасцянец" - архітэктары назвалі "Парадоксам 20 стагоддзя". Прастрэленае аблічча Багародзіцы з немаўлём, перавернуты дом, дрэва - гэтыя прадметы экстэр'ера ўсталююць на Дарозе смерці. Адновяць і сцэнарый развіцця падзей: наведвальнікі прыйдуць да плошчы Смерці, дзе жыццё дэпартаваных абрывалася назаўжды. Ідэя належыць распрацоўшчыкам праекта, а таксама легендарнаму Леаніду Левіну, аўтару такіх мемарыялаў, як Хатынь, Яма… Трасцянец - першы мемарыял усім канцэнтрацыйным лагерам на тэрыторыі Беларусі. Сёння справу бацькі працягвае яго дачка.

Земляны крэматорый застаўся толькі на фатаграфіях - урочышча Шашкоўка таксама стане часткай мемарыяла. Целы расстраляных у Благаўшчыне ўдзельнікі спецыяльных зондэргруп у 1943-м выкопвалі і спальвалі ў гіганцкай печы.

Каб схавацца ад старонніх вачэй, тэрыторыя крэмацыйнай ямы была абнесеная трохметровым плотам. Страшныя сведчанні таго часу захоўваюцца ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, гэта адзіны дзяржаўны музей у нашай краіне, які першым распавёў аб злачынствах у Трасцянцу. Артэфакты з лагера смерці з першага дня працы музея знаходзяцца ў пастаяннай экспазыцыі.

Генацыд працягваўся аж да вызвалення Мінска. Апошняе злачынства нацыстаў адняло ў Беларусі яшчэ шэсць з паловай тысяч жыццяў.

У былой калгаснай адрыне некалькі сутак расстрэльвалі вязняў Трасцянца, ваеннапалонных, а таксама асуджаных СД памочнікаў партызан. Сёння на месцы спаленай разам з людзьмі пабудовы стаіць абеліск - агароджа вакол паўтарае контуры адрыны.

27-гадовага Мікалая Іванавіча Валахановіча прывезлі ў турму на Валадарскага з вёскі Негарэлае Дзяржынскага раёна - былая заходняя мяжа СССР з Польшчай. Дзяжурны па станцыі на акупаванай тэрыторыі перадаваў звесткі партызанам. Дачка Мікалая Іванавіча дэталёва прайграе падзеі 70-гадовай даўніны, хоць і была дзіцем.

Сямейныя рэліквіі захоўвае і малодшы брат - таксама Валахановіч. Дакумент з архіва КДБ беражэ – усё-такі ўспаміны бацькі. Ён і Сцепаніда Савінская - адзіныя, каму атрымалася пазбегнуць жудаснай смерці ў падпаленай адрыне.

Расстрэльвалі ў спіны. Мікалаю Іванавічу пашанцавала: куля яго не забіла - прайшла праз вока. На час знепрытомнеў: карнікі вырашылі, што мёртвы. Калі ў адрыну, запоўненую людзьмі, увайшлі фашысты, і стала зразумела: хутка расстрэлы скончаць і пачнуць спальваць целы - вырашыў уцячы. Амаль дзень ляжаў у жыце, а пасля, калі ўбачыў, што немцы падпалілі адрыну і з'ехалі, працягнуў шлях дахаты.

Па дарозе да дома перавязанага спынілі немцы. Мужчына не разгубіўся, сказаў,  што трапіў пад бамбёжку, ідзе да жонкі.

У Беларусі няма ніводнай сям'і, якую б не кранула Вялікая Айчынная. За чатыры гады бесперапынных кровапралітных баёў у нашай краіне загінуў кожны трэці. Манументальны "Трасцянец" проста не мог не з'явіцца на зямлі шматпакутнага, але не зламанага народа. Зборны вобраз і сімвал Вялікай Перамогі.

Год таму на месцы мемарыяла Кіраўнік дзяржавы заклаў капсулу з пасланнем будучым пакаленням. Сімвалічна, што ў гэты дзень Прэзідэнт быў разам з малодшым сынам. Своеасаблівая перадача эстафеты памяці тым, хто не ведае і не павінен даведацца пра жахі вайны.

Цэнтральны манумент комплексу - 10-метровая Брама памяці. Самая высокая бронзавая скульптура ў краіне - праца  Канстанціна Касцючэнкі. Тут знясіленыя целы вязняў пераплятаюцца з плотам, такое кампазіцыйнае рашэнне сімвалізуе немагчымасць выбрацца з палону. А яшчэ іх сілуэты нагадваюць дэфармаваныя ад тэмпературы і куль лісты бляхі ў крэмацыйных ямах. Больш як 200 тысяч жыццяў так і застануцца назаўжды за калючым дротам "Трасцянца".