Тры тыдні застаецца да юбілею Вялікай Перамогі

19 апреля 2015

Час пачаць актыўную падрыхтоўку. Нагадаем, акрамя традыцыйнага шэсця, сёлета 9 мая адбудзецца яшчэ і парад ваеннай тэхнікі. Механізаваная калона ўжо пачала трэніроўкі на аэрадроме Ліпкі. Гэты год паставіць рэкорд у колькасці баявых машын: іх будзе больш за 250. Даўжыня калоны з жалеза і сталі расцягнецца на 2 кіламетры. Ужо традыцыйна першымі праедуць рарытэты: легендарны Т-38, "Кацюша". Ёсць сярод "ветэранаў" і навінка. Першы раз гледачам пакажуць зенітны пражэктар і дзве зенітныя гарматы. Тэхніка канца 30-х гадоў захавалася на базах узбраення. За імі ў калоне ўжо сучасныя мадэлі. Сярод іх сістэмы залпавага агню "БелГрад" і "Смерч", знакамітыя зенітна-ракетныя комплексы С-300 і "Тор М2".

Асаблівасцю гэтага года стануць узоры тэхнікі беларускай вытворчасці. Да гэтага распрацоўкі Дзяржваенпрама ў парадах не ўдзельнічалі. Дакладны склад і колькасць гэтых машын пакуль трымаецца ў сакрэце. Але на трэніроўках ужо быў заўважаны бронеаўтамабіль "Ліс". Гэты парад будзе адзначаны як ніколі вялікім складам расійскай тэхнікі - адразу сем парадных разлікаў. Чакаецца, што сумесныя трэніроўкі пройдуць ужо ў дваццатых лічбах красавіка. Вядомых усім "Іскандэраў" не будзе, але аматары ваеннай тэхнікі, напэўна, ацэняць комплексы "Панцыр".

Тым часам працягвае рэпеціраваць рота ганаровай варты. Чаканны крок, бездакорная выпраўка і, вядома, віртуознае валоданне карабінам - гэта ўсё пра іх. Сёлета гледачоў будуць здзіўляць новай праграмай. Але раскрываць інтрыгу пакуль рана. Плануецца, што генеральныя прагоны адбудуцца ў пачатку мая ля стэлы "Мінск - горад-герой".