Страшная трагедыя ў Санкт-Пецярбургу ўзрушыла на гэтым тыдні ўвесь свет

9 апреля 2017

Горад, які лічыцца турыстычным цэнтрам, толькі за мінулы год яго наведалі 7 мільёнаў чалавек, 3 красавіка быў галоўнай сусветнай навіной. 14 загінуўшых, больш як 50 параненых, сярод пацярпелых ёсць і наш суайчыннік. Зараз яго жыццю нішто не пагражае. Усе гэтыя дні ў Паўночнай сталіцы Расіі працавала наша здымачная група. Чаму менавіта Піцер, і ці стаў сам тэрарыст-смяротнік ахвярай уласных саўдзельнікаў? Храналогія падзей - у рэпартажы Дар'і Белавусавай-Пятроўскай.

Выбух. Шок. Людзі плачуць. Карэты хуткай дапамогі. Паліцыя. Пажарныя машыны. 3 красавіка. Санкт-Пецярбург. Гэты дзень жыхары Паўночнай сталіцы Расіі ўжо назвалі крывавым панядзелкам. Выбух у метро паміж перагонамі "Тэхналагічны інстытут" і "Сянная плошча" падзяліў жыццё ў горадзе на Няве на да і пасля.

Станцыя метро "Сянная плошча" - адно з самых шматлюдных месцаў Санкт-Пецярбурга. Пасажыраплынь у дзень тут складае каля 55 тысяч чалавек. Але зараз гэтае месца больш нагадвае мемарыял. У памяць аб загінуўшых сюды нясуць кветкі, запальваюць свечкі і пакідаюць запісы.

Паводле афіцыйных звестак, загінулі 14 чалавек, больш як 50 паранена. Сярод пацярпелых ёсць і беларус. Гэта выхадзец горада Гродна, 1963 года нараджэння. Ён знаходзіўся менавіта ў тым вагоне, дзе адбыўся выбух. Праз паўгадзіны пасля здарэння мужчыну даставілі ў 26 гарадскую бальніцу Санкт-Пецярбурга. У яго сур'ёзныя асколачныя раненні рук, ног і шыі. Урачы гавораць, што ён нарадзіўся ў кашулі, бо асколак мог пашкодзіць сонную артэрыю.

Акрамя таго, у грамадзяніна Беларусі разарваныя барабанныя перапонкі. На гэтым тыдні яму зробленая аперацыя.

Паводле інфармацыі Следчага камітэта РФ, тэракт у метро ўчыніў жыхар Кыргызстана, 22-гадовы Акбарджон Джалілаў. Больш як 6 гадоў таму ён пераехаў у Піцер і стаў грамадзянінам Расіі. Вучыўся ў адным з гарадскіх каледжаў, працаваў слесарам у аўтамайстэрні, займаўся рукапашным боем.

Таксама следства мяркуе, што бомба, якая не разарвалася на станцыі метро "Плошча Паўстання", - таксама справа рук Джалілава. Паводле адной з версій, малады чалавек не збіраўся станавіцца смяротнікам, а павінен быў закласці выбухныя прылады ў двух месцах піцерскай падземкі і ўцячы. Але саўдзельнікі вырашылі яго выкарыстаць у якасці "жывой бомбы".

На гэтым тыдні ў Санкт-Пецярбургу і Маскве падчас спецаперацый затрыманыя меркаваныя саўдзельнікі Джалілава. Усе - выхадцы з Цэнтральнай Азіі. У іх была знойдзеная яшчэ адна бомба. Следчыя не выключаюць, што яе жадалі прывесці ў дзеянне ў Санкт-Пецярбургу на жалобных мерапрыемствах па загінуўшых у тэракце.

Увесь тыдзень Расія жыве ў нейкім напружанні. Выбух у піцерскім метро, як быццам справакаваў хвалю агрэсіі. Так, у Астрахані падчас праверкі дакументаў, былі застрэленыя супрацоўнікі ДПС. Злачынцы захапілі іх табельную зброю і ўцяклі. Праз некалькі дзён падчас спецаперацый баевікі былі ліквідаваныя. А ў Растове-на-Доне каля школы была закладзена выбухная прылада ў выглядзе фанарыка. Тым не менш, піцерская трагедыя расіянаў аб'яднала. Акцыі памяці ахвяраў тэракта ў метро прайшлі па ўсёй краіне. Толькі ў Маскве на Манежную плошчу выйшла больш як 50 тысяч чалавек. У руках - кветкі і запаленыя свечкі, а на вуснах слова: "Піцер - мы з табой!".