Міжнародная група экспертаў прадаўжае расследаванне крушэння "Аэробуса А321" кампаніі "Кагалымавія". Лайнер, які разбіўся тыдзень таму, быў у небе ўсяго 23 хвіліны. На думку спецыялістаў, прычынай здарэння стала раптоўная дэкампрэсія. Але з-за чаго менавіта яна адбылася - невядома.
Разведкі ЗША і Вялікабрытаніі заявілі, што да катастрофы мог прывесці тэракт, аднак пераканаўчых доказаў гэтай версіі спецслужбы не падалі. Следчая група мяркуе, што самалёт мог разбурыцца ў паветры з-за выбуху паліўнага бака і зносу абсталявання.
Расказвае Юрый Казлоў.
"Аэробус А321" кампаніі "Кагалымавія" пацярпеў крушэнне раніцай 31 кастрычніка. Абломкі самалёта былі выяўленыя на Сінайскім паўвостраве - іх раскідала на тэрыторыі 20 квадратных кіламетраў. Паветранае судна выконвала чартарны рэйс з егіпецкага Шарм-эль-Шэйха ў Санкт-Пецярбург. На борце лайнера знаходзіліся 217 пасажыраў і 7 членаў экіпажа. Не выжыў ніхто. Сёння ў паўночнай сталіцы Расіі прызямліўся чацвёрты борт з астанкамі загінуўшых.
У спісе ахвяр крушэння - грамадзяне Расіі, Украіны і беларус Раман Серадзінскі. Пуцёўкай на курорт яго заахвоціў працадаўца. У пятніцу Рамана пахавалі ў родным Клічаве.
Расследаваннем трагедыі займаецца міжнародная група экспертаў. Спецыялісты ўпэўненыя, што самалёт разваліўся ў паветры на вялікай вышыні. Але што менавіта стала прычынай - пакуль незразумела. Асноўнай версіі няма - следчыя аналізуюць даныя чорных скрынь. Як паведаміў Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт, самапісцы не зафіксавалі адмоў бартавых сістэм. У той жа час кіраўнік міжнароднай камісіі Айман-аль Мукадам заявіў, што на апошніх секундах запісу зафіксаваны старонні шум.
Паводле даных чорных скрынь, да ўдару аб зямлю знешняга ўздзеяння на лайнер не было, а экіпаж не перадаваў сігнал бедства. Гэта значыць, няштатная сітуацыя альбо ўзнікла вельмі хутка, альбо была недаацэненая экіпажам - такую думку ў інтэрв'ю парталу Стужка.ру агучыў заслужаны пілот Расіі Юрый Сытнік.
Адразу пасля трагедыі адказнасць за крушэнне ўзяла на сябе групоўка "Ісламская дзяржава". Але спецыялісты не вераць у тое, што тэрарысты могуць быць датычныя да крушэння. На думку экспертаў, прычынай здарэння мог стаць выбух паліўнага бака або знос абсталявання. Тым не менш, версія аб спланаваным выбуху таксама разглядаецца. Улады Егіпта вывучаюць запісы з камер назірання аэрапорта Шарм-эль-Шэйха. Супрацоўнікі паветранай гавані на ўмовах ананімнасці расказалі агенцтву Associated Press, што ў аэрапорце былі сур'ёзныя праблемы з бяспекай.
"Я нават не магу сказаць, як шмат раз я выяўляў сумкі, поўныя наркотыкаў або зброі, якія супрацоўнікі сіл бяспекі прапусцілі за хабар 10 еўра ці каля таго. А сканары для праверкі ўжо зарэгістраваных на рэйсы сумак часта наогул адключаюць для эканоміі электраэнергіі".
Пакуль ідзе расследаванне трагедыі, авіякампаніі спынілі палёты над Сінайскім паўвостравам. Сітуацыю са змяненнем маршрутаў пракаменціраваў і нацыянальны перавозчык Беларусі "Белавія".
"Паважаныя пасажыры, змена маршрутаў еўрапейскіх авіякампаній датычыцца толькі транзітных маршрутаў, якія праходзілі над Сінайскім паўвостравам, напрыклад, рэйсы з Еўропы ў Індыю, Тайланд, Сінгапур і г.д.
Выкананне прамых рэйсаў з Еўропы ў Шарм-эль-Шэйх, Хургаду і іншыя егіпецкія гарады будзе здзяйсняцца ў авіякампаній, у тым ліку і ў Белавія, па ранейшых маршрутах, якія не праходзяць над Сінайскім паўвостравам".
Вялікабрытанія, Ірландыя, Нідэрланды і Расія і зусім спынілі авіязносіны з краінай пірамід. З-за карэкціровак палётнай праграмы МЗС Беларусі рэкамендуе ўстрымацца ад турыстычных паездак у арабскую рэспубліку.
Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Рэкамендуем звярнуць увагу на карэкціроўку палётнай праграмы расійскіх авіяперавозчыкаў. І ў кантакце з беларускімі тураператарамі адсочваць магчымае рашэнне нацыянальнага авіяперавозчыка Белавія аб выкананні адпаведных рэйсаў з РБ у кірунку Арабскай Рэспублікі Егіпет. Турысты, якія зараз знаходзяцца ў Арабскай Рэспубліцы Егіпет, змогуць вярнуцца ў Беларусь, як гэта і было запланавана, гэта значыць. турыстычныя аператары і авіяперавозчыкі выканаюць перад імі свае абавязальніцтвы ў адпаведнасці з часам вяртання, які планаваўся".
Крушэнне аэробуса Кагалымавія названа найбуйнейшай катастрофай у гісторыі расійскай і савецкай авіяцыі. Следчы камітэт Расіі ўзбудзіў дзве крымінальныя справы - па артыкулах "Парушэнне правіл бяспекі руху і эксплуатацыі паветранага транспарту" і "Аказанне паслуг, якія не адказваюць патрабаванням бяспекі".
Улады Егіпта, між тым, падлічваюць страты. З-за трагедыі паток турыстаў у краіну пірамід можа скараціцца на 70%. У найбліжэйшыя месяцы дзяржава страціць мінімум паўмільярда долараў. Калі сітуацыя не стабілізуецца, страты могуць дасягнуць двух мільярдаў.













