Сталіца Кыргызстана на тыдні стала цэнтрам еўразійскай інтэграцыі

16 апреля 2017

У горным Бішкеку на саміце ЕАЭС лідары гаварылі пра тое, як зрабіць так, каб агульнаму саюзу дыхалася лягчэй. Ён пакуль яшчэ не саюз роўных, якім задумваўся першапачаткова. І многія пункты дагэтуль толькі прапісаныя на паперы і не ўвасобленыя ў жыццё.

Сёння на еўразійскім рынку ўсё яшчэ захоўваюцца дзясяткі перашкод, без пераадолення якіх складана рухацца далей. Бо нават тавараабарот у саюзе два гады запар няўхільна зніжаўся, і толькі першыя месяцы гэтага года прынеслі доўгачаканы рост.

Прычын тут, вядома, шмат. У тым ліку і знешнія фактары. Але праблемныя пытанні ў першую чаргу трэба вырашаць самім. І ўжо дакладна пра іх не маўчаць. Такім было меркаванне беларускай дэлегацыі. Кіраўнік дзяржавы на палях саміта чарговы раз прадметна і адкрыта назваў цэлы спіс мер, якія тармозяць амбіцыйны інтэграцыйны праект.

На фоне маляўнічых краявідаў адной з галоўных тэм як раз і сталі прывабныя ўмовы для дзелавой ініцыятывы. Каму, як не бізнесу, рухаць агульную еўразійскую эканоміку. Супадзенне або не, але і ў Беларусі гэта зараз адна з самых актуальных тэм - пра гэта падрабязней мы яшчэ пагаворым у нашай праграме.

Ну, а ў Бішкеку прынята адразу некалькі знакавых рашэнняў для Еўразійскага эканамічнага саюза. Наш палітычны аглядальнік Вольга Макей зафіксавала не толькі ключавыя дамоўленасці, але і закуліссе палітычнага працэсу. Што засталося за кадрам афіцыйнай хронікі, пакажам зараз.

Саміт ЕАЭС для Кыргызстана - падзея гістарычная. Бішкек упершыню старшынствуе ў аб'яднанні. Да інтэграцыі рэспубліка далучылася паўтара года таму, але нават за гэты час прамысловасць, бізнес, ды і ў цэлым эканоміка краіны адчулі перавагі. Важная для жыхароў Кыргызстана тэма, хоць і не такая радасная для дзяржавы, - працоўная міграцыя, яна нарэшце выйшла з ценю. У ЕАЭС прызнаецца адукацыя, працу атрымаць стала прасцей, а гэта адразу дадало 40 працэнтаў да грашовых пераводаў на радзіму.

Бізнесмен Руслан Сарымсакаў распавядае, што павялічыўся і абмен таварамі паміж краінамі, гэта добра відаць у харчовых магазінах. І на прылаўках жыхары Кыргызстана шукаюць менавіта беларускае.

Да саміта ЕАЭС сталіца Кыргызстана акунулася ў белы колер, не толькі ад заснежаных горных вяршыняў, але і дзякуючы квітнеючым абрыкосавым дрэвам.

Такую колькасць прэзідэнтаў Бішкек прымае не часта. Мясцовыя жыхары гэта адчулі: горад стаў у заторах (цэнтральныя праспекты перакрывалі на працягу трох дзён), на вуліцах з'явіліся міліцыянеры. Але, судзячы па настроі вартавых парадку, сустрэча высокіх гасцей праходзіць спакойна.

Гасцінны Алмазбек Атамбаеў еўразійскіх калег прымае ў горнай рэзідэнцыі "Ала-Арча", дзе кожнаму з лідараў прапанавалі домік. Тут у адным месцы і нацыянальны каларыт, і маляўнічая прырода Чуйскай даліны з горнымі хрыбтамі і белымі таполямі. Дарэчы, надпісы на кары дрэў калісьці пакідалі вайскоўцы, калі гэтая частка рэзідэнцыі была проста паркам. На памяць. Такая ўжо традыцыя.

Чаго ніхто не чакаў, дык гэта вялікай цікавасці да еўразійскага саміта з боку рэпарцёраў. Вялізны прэс-цэнтр ледзь змяшчаў некалькі сотняў журналістаў. Падаецца, столькі сустрэча лідараў ЕАЭС яшчэ не збірала. Да сталоў прыстаўлялі дадатковыя крэслы, працавалі стоячы. Але галоўнае, паспявалі перадаваць тэрміновыя навіны на ўсе інфармацыйныя стужкі.

А гэта толькі тыя, хто піша. Аператары тым часам ледзь паспявалі заняць месца для грувасткіх тэлекамер. Кожнаму хацелася атрымаць эксклюзіўныя кадры сустрэчы палітыкаў.

Паводле пратакола, прэзідэнтам трэба прыбываць у алфавітным парадку. Але перш за кіраўніка Казахстана ў дзвярах узнік Уладзімір Пуцін. Чым, падаецца, здзівіў рэпарцёраў крамлёўскага пула. Ведаючы нюансы пунктуальнасці расійскага лідара, прэс-цэнтр уздыхнуў з палёгкай. Значыць, саміт пачнецца згодна з планам.

А ў планах прэзідэнтаў - абмеркаванне будучыні еўразійскай інтэграцыі. З моманту падпісання дамовы аб стварэнні ЕАЭС прайшло амаль тры гады. Плюсы відавочныя: вялізны рынак з насельніцтвам на 200 мільёнаў чалавек, вольнае перамяшчэнне паслуг, працоўных рэсурсаў, капіталаў і тавараў. З апошнім, праўда, перыядычна ўзнікаюць пытанні. Але прэзідэнты абмяркоўваюць усе нюансы шчыра і не хаваюць праблем. Толькі так, у дыялогу, заўсёды можна знайсці кампраміс. Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае 2017 у інтэграцыі зрабіць годам пераломным. І выкладае фактычна антыкрызісны план для ЕАЭС.

Калі рэалізаваць на практыцы хоць бы гэтыя чатыры пункты, краіны наблізяцца да саюза роўных. Такога, якім задумваўся Еўразійскі эканамічны. Пакуль жа на 14 працэнтах сушы, а гэта плошча аб'яднання, застаецца каля 60 бар'ераў, якія перашкаджаюць развіццю ЕАЭС. Дарожную карту па ліквідацыі ўсіх выключэнняў палітыкі плануюць зацвердзіць у найбліжэйшы час.

Нягледзячы на спад узаемнага тавараабароту ў мінулыя гады (адбіліся і сусветныя ваганні і санкцыі), 2017 паказвае рост. Аб'ём гандлю паміж краінамі павялічыўся на 38%. Па сутнасці, ЕАЭС для пяцёркі стаў падушкай бяспекі.

2017 у ЕАЭС аб’явілі Годам паляпшэння ўмоў для бізнесу, бо менавіта дзелавая ініцыятыва шмат у чым рухае эканоміку. Разняволенне прадпрымальніцкага асяроддзя зараз і ў прыярытэце Беларусі. Формула простая: спрашчэнні для бізнесу плюс адсутнасць мыт у выніку прыцягваюць і замежных партнёраў. Зону свабоднага гандлю з ЕАЭС ужо мае В'етнам, на чарзе Іран, Сінгапур, Егіпет, Індыя. Словам, больш за 40 краін ужо прыглядаюцца да інтэграцыі.

Гэтая пратакольная цырымонія фатаграфавання стане гістарычнай. Апроч лідараў пяцёркі і старшыні ЕЭК, на гэтым здымку і прэзідэнт Малдовы. Яшчэ нядаўна такое ўявіць было складана, Кішынёў глядзеў у бок іншага саюза, падпісаўшы пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. Ігар Дадон заняў пасаду прэзідэнта крыху больш як 100 дзён таму. Еўразійскі курс быў адным з прыярытэтаў яго перадвыбарнай праграмы, за якую і прагаласавалі жыхары краіны. Зараз Малдова хоча стаць назіральнікам пры ЕАЭС.

Дарэчы, у ліпені Ігар Дадон збіраецца прыехаць у Мінск, каб дэталёва вывучыць магчымасці далейшага развіцця адносін паміж краінамі, гэта абмеркавалі прэзідэнты Беларусі і Малдовы падчас асабістай сустрэчы.

Імкненні Кішынёва стаць назіральнікам пры ЕАЭС падтрымалі ўсе лідары дзяржаў інтэграцыі. Не выключана, што такі ж статус атрымаюць і краіны - удзельнікі СНД. Але перш правілы такога назірання прапішуць у асобным дакуменце, які ўзгодняць пяць прэзідэнтаў.

Усё часцей абмяркоўваюць сувязі ЕАЭС з Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва, ЕС, АСЕАН. Такім чынам, ідэя інтэграцыі інтэграцый становіцца ўсё бліжэй да ўвасаблення, ды і само геаграфічнае становішча ЕАЭС нібы падштурхоўвае да пашырэння як на ўсход, так і на захад.

Інтэграцыю можна параўнаць з яздой на веласіпедзе. Каб захаваць раўнавагу, трэба рухацца наперад. Важна і не спяшацца. Бо на шляху могуць сустракацца перашкоды. Як іх абысці, а яшчэ лепш зрабіць шлях безбар'ерным, вырашаюць усе разам, бо імкненне да інтэграцыі - гэта камандная гонка.

Вынікам сустрэчы такой еўразійскай палітычнай каманды стала падпісанне 11 дакументаў. Судзячы па гэтых кадрах, вынікамі сустрэчы палітыкі задаволеныя. Але нашмат важнейшыя за паперы дыялог, паразуменне і давер. А гэта - галоўныя адметныя рысы саюза пяці.