Сучасная медыцына дазваляе зацяжарыць жанчынам нават з дыягназам "бясплоднасць". З сярэдзіны 90-х у Беларусі робяць ЭКА

10 марта 2019

На жаль, не кожная сям'я ў нашай краіне можа завесці дзіця без дапамогі дактароў. 14 % сямейных пар у Беларусі бясплодныя. Хаця гэта і сярэдняя статыстыка па свеце, лічба не абнадзейвае. На шчасце, сучасная медыцына дазваляе зацяжарыць жанчынам нават з гэтым страшным дыягназам. З сярэдзіны 90-х у Беларусі робяць ЭКА.

Працэдуру прынята лічыць штучным апладненнем, аднак часцей за ўсё для стварэння эмбрыёна выкарыстоўваецца не донарскі матэрыял, а родны - мамы і таты. ЭКА рэдка атрымліваецца з першага разу, але дзякуючы працэдуры штогод на свет з'яўляюцца ад паўтары да дзвюх тысяч беларусаў.

У лабараторыі, дзе зараджаецца жыццё, пабывала наш карэспандэнт Юлія Грызунт.

Вось ужо 20 гадоў як Анжэла Букіна выхоўвае сваю доўгачаканую дзяўчынку. І нават зараз, калі, здавалася б, усё ў мінулым, без слёз успамінаць не можа. Дзве пазаматачныя цяжарнасці, 12 гадоў цяжкіх аперацый. З навін Анжэла даведалася, што ў Маскве з'явілася такая працэдура як ЭКА. У пачатку 90-х па такую паслугу давялося ехаць у Расію. Абедзве спробы праваліліся. І вось, калі надзеі ўжо амаль не заставалася, працэдуру сталі праводзіць у Мінску. У 30 гадоў Анжэла стала адной з першых пацыентак беларускага Цэнтра дапаможнай рэпрадукцыі і… нарэшце зацяжарыла.

Ад дачкі Паліны ніколі не ўтойвалі, што яе шлях пачаўся ў прабірцы. Для дзяўчыны гэта значэння не мае. Гісторыя бацькоў навучыла Паліну, бадай, больш за многіх паважаць інстытут сям'і. І нягледзячы на малады ўзрост, ужо сёння дзяўчына задумваецца аб сваіх дзецях. У Беларусі жывуць тысячы людзей з падобнымі гісторыямі. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, бясплодных сем'яў у нашай краіне 14 %. У залежнасці ад формы хваробы медыкі даюць усяго 43 % таго, што ЭКА атрымаецца з першага разу. Гэта лічбы для жанчын да 35 гадоў. Далей кожны год верагоднасць поспеху памяншаецца.

Сёння ЭКА робяць толькі па медыцынскіх паказаннях. Працэдуру праводзяць у васьмі беларускіх цэнтрах. Кошт пачынаецца ад 2,5 тысячы долараў. Сума вялікая, аднак у суседняй Польшчы адна працэдура - мінімум тры з паловай тысячы долараў. У Амерыцы даходзіць да 20 тысяч долараў. Дадатковая паслуга па выбары полу дзіцяці каштуе яшчэ $ 4 500. У Расіі і Украіне цана пытання, як і ў нас, каля 3 тысяч долараў. Сярэдні цэннік па Еўропе - 10 тысяч.

Нядзіўна, што да нас прыязджаюць з Італіі, Францыі, Германіі і ЗША. Цэны аднолькавыя. Для беларусаў ёсць і льготныя крэдыты на ЭКА. Сем’і, якія жадаюць, могуць браць у доўг на працэдуру з адтэрміноўкай пагашэння. І гэта важная частка падтрымкі дэмаграфіі ў цэлым, бо ЭКА дазваляе штогод нараджацца ад 1,5 да 2 тысячам здаровых дзяцей, што асабліва актуальна зараз, калі беларусаў засталося менш чым 9,5 мільёна.

Каб зрабіць ЭКА больш даступным, зараз у Міністэрстве аховы здароўя распрацоўваецца законапраект. Ён закране сурагатнае мацярынства і цэны на працэдуру. Аднак ужо зараз можна смела гаварыць: ЭКА стане больш даступным для беларускіх сем'яў.

Замарожаны матэрыял можна выкарыстаць праз год ці два, каб завесці другое дзіця. Атрымліваецца эмбрыён шляхам злучэння біяматэрыялу мамы і таты. Розніца толькі ў тым, што адбываецца гэта не ўнутры арганізма. Тут пад мікраскопам яйцаклетку апладняюць і змяшчаюць у чашу. Далей у інкубатары эмбрыён расце ад трох да пяці сутак. Прама зараз у гэтай лабараторыі культывуюцца эмбрыёны шаснаццаці жанчын.

За 40 гадоў сусветнай практыкі дзякуючы ЭКА на свет з'явіліся больш як 6 мільёнаў дзяцей. Навукоўцы ўпэўненыя: гэты метад бяспечны. Да таго ж, ЭКА - гэта спосаб адабраць самы здаровы матэрыял у бацькоў. Праўда, пазбавіцца ад паталогій і спадчынных хвароб на 100 % нельга. Усё залежыць ад геному, разгадаць таямніцы якога ў свеце пакуль яшчэ не ўдалося.

У прынцыпе выбраць пол дзіцяці загадзя можна ўжо сёння. У тым ліку колер вачэй ці валасоў. Праўда, урачы гэтым правам не карыстаюцца, у першую чаргу ўсё па тых жа этычных меркаваннях, бо саму з'яву ЭКА ва ўсім свеце прынята лічыць цудам. І дзякуючы менавіта гэтаму цуду многія беларускія жанчыны забываюць пра такі страшны дыягназ як бясплоднасць і нараджаюць абсалютна здаровых дзяцей.