Савет міністраў на тыдні падвёў вынікі

24 мая 2015

Савет міністраў на тыдні падвёў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за студзень-сакавік. Сёлета прыйшлося стартаваць з вымушаных мер жорсткай эканоміі. Прычыны аб'ектыўныя: абвал цэн на нафту, рэзкая дэвальвацыя расійскага рубля, рэцэсія сусветнай эканомікі і скарачэнне попыту ў нашых галоўных гандлёвых партнёраў. У выніку ў сціснутыя тэрміны прыйшлося адаптаваць бюджэт, банкаўскую сістэму, рэальны сектар да працы ў новых эканамічных рэаліях.

Як вынік - сельская гаспадарка, будаўніцтва і гандаль дадалі, а вось у прамысловасці, транспартнай сферы і сувязі - падзенне. ВУП за першы квартал паменшыўся на 2%. Экспарт тавараў на традыцыйныя рынкі Расіі і Украіны за квартал знізіўся больш чым на 40%. Тым не менш, мы прыраслі на рынках Азіі, Афрыкі, Амерыкі. У выніку – станоўчае сальда знешняга гандлю амаль 800 мільёнаў долараў. Колькасць стратных прадпрыемстваў скарацілася на траціну, а чыстыя страты ў 6 разоў.