Поўнач і Поўдзень ідуць на перамовы

7 января 2018

Сустрэча прадстаўнікоў КНДР і Паўднёвай Карэі на высокім узроўні адбудзецца паслязаўтра. Абмяркуюць паляпшэнне адносін, у тым ліку ўдзел каманды КНДР у Алімпійскіх гульнях у лютым у Пхёнчхане. Апошні раз перамовы на такім узроўні паміж дзвюма Карэямі праводзіліся больш як 2 гады таму. Каб не абвастраць становішча напярэдадні і падчас Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў, Паўднёвая Карэя і ЗША дамовіліся не праводзіць сумесныя ваенныя вучэнні ў рэгіёне.

У Пентагоне, зрэшты, ужо пазначылі: адразу пасля Гульняў манеўры адновяцца. Менавіта з ваеннай актыўнасцю Пентагона і Сеула аналітыкі звязваюць усе новыя ракетныя выпрабаванні Пхеньяна, чый патэнцыял Штаты, як апынулася, недаацанілі. Аб правале амерыканскай разведкі ў ацэнцы тэмпаў развіцця ядзернай праграмы КНДР піша "Нью-Ёрк Таймс". І гэта пасля таго, як у пачатку года Кім Чэн Ын і Трамп абмяняліся заявамі аб ядзерных кнопках.