Працаўнікі грамадзянскай авіяцыі адзначаюць сваё прафесійнае свята

5 ноября 2017

З чым мы ўсіх вас і віншуем! У нашым звыклым разуменні авіяцыя - гэта самалёты, верталёты, аэрапорты, але… З нядаўніх пор пілотамі сталі называць і ўсіх, хто запускае ў неба дроны.

У Беларусі нават з'явілася Федэрацыя беспілотнай авіяцыі. Квадракапцёры або беспілотныя лятальныя апараты ўжо фарміруюць цэлыя сегменты эканомікі. Але ці гатова заканадаўчая база для такога імклівага прагрэсу? Расказвае Алеся Высоцкая.

Яго ўнікальныя кадры мы бачым у рэкламе, у рэйтынгавых тэлепраектах. Любоў да да беспілотнікаў для Міхаіла Броўкі пачалася з забаўкі. А сёння - гэта бізнес і калекцыя з пяці дронаў, у ліку якіх і гэты - топавы ў індустрыі. Міхаіл - удзельнік конкурсаў і фестываляў у Мадрыдзе, Берліне, дзе акрамя прыгажосці здымак, ацэньваюць і пілатаж. І пакуль ён адзіны ў Беларусі ліцэнзаваны пілот дрона, статус якому даў вытворца за поспехі ў лётных справах.

Сёння дроны здымаюць відэа з якасцю "кіно". Разганяюцца да 170 кіламетраў за гадзіну на спаборніцтвах. Нясуць грузы, вяртаюцца самастойна ў пункт адлёту і ўздымаюцца вышэй за аблокі. Правілы не паспяваюць за тэхналогіямі. Стаяць пытанні бяспекі, прыватнасці, кантролю. Прычым ва ўсім свеце.

Усё аб нечаканасцях для пілотаў у Беларусі ведае Глеб Бандарык. Дронамі займаецца больш за пяць гадоў. Зараз і пад крылом Беларускай федэрацыі беспілотнай авіяцыі. Створана ў красавіку 2017-га.

Любы, хто жадае дронам баразніць неба над Беларуссю, павінен уступіць у федэрацыю, атрымаць членскі білет, спецмарку, якая лепіцца на беспілотную сістэму, пасведчанне. Федэрацыя дамагаецца стварэння пісьменнай прававой базы. Згодна з дзеючым Паветраным кодэксам, нават дзіцячая цацка да ста грамаў - гэта грозны лятальны апарат.

Шматлікія краіны сутыкнуліся з такой жа праблемай: непрыстасаваным для масавага з'яўлення дронаў у нашым жыцці заканадаўствам. Асобныя беларускія нормы ставяць па-за прававым полем новыя сегменты рынку. Напрыклад, аператыўныя здымкі для тэлебачання і рэкламы, анлайн-тэлетрансляцыі з квадракапцёраў. Хоць, калі яны без камерцыйнай асновы - тады праблем няма. Хоць дабрачыннасць у сферы паслуг - гэта абсурд.

Лётаць можна не вышэй за сто метраў, і дрон павінен быць у полі прамой бачнасці. Дарэчы, таксама пытанне, хто павінен за гэтым сачыць, як фіксаваць парушэнне, як караць. Калі на дарозе - супрацоўнік ДАІ, то хто павінен быць у небе?

Як машынам у горадзе патрэбныя ПДР, так і дронам неабходна штосьці большае, чым састарэлыя правілы. Тэхналогіі ідуць да таго, што на небе над гарадамі дронаў будуць не дзясяткі, а мільёны. І ў гэтым упэўненыя распрацоўнікі дронаў-кур'ераў з дастаўкай.

У Беларусі - задажджыла… Не самы лепшы час для палётаў дронаў. Затое ідэальны для заканадаўцаў. Што трэба зрабіць, каб цэлы сегмент эканомікі не вылятаў за прававое поле, пытанне адрасуем спецыялістам.

Праблемай ушчыльную заняўся парламент. Андрэй Рыбак - кіраўнік профільнай камісіі. Чакае, што законапраект з навэламі для Паветранага кодэкса будзе разгледжаны ўжо ў гэтым месяцы. Акцэнт - на бяспеку.

Ёсць меркаванне, што залатая сярэдзіна, якая задавольніць усе бакі - заканадаўцаў, кантралёраў, карыстальнікаў і бізнес - пакуль не знойдзена. І тут варта ўлічыць прынцып "не нашкодзь", упэўненыя ў Мінабароны.

Інакш кажучы, калі ў небе над Беларуссю будуць лётаць мільёны дронаў, як заяўляюць стартаперы, яны павінны быць пад кантролем і не перашкаджаць усім астатнім. Навялі ж калісьці парадак у небе для самалётаў, зараз чарга і за дронамі.

Паводле прагнозаў экспертаў, ужо праз 20 гадоў беспілотнікі будуць змагацца з карупцыяй, адсочваць выкіды шкодных рэчываў у акіянах, дастаўляць грузы куды заўгодна і дапамагаць фермерам ратаваць ураджаі. Прыносіць мільёны галіна можа ўжо і зараз. Калі законапраект прымуць у першым чытанні - пачатак трансфармацыі будзе пакладзены. А гэта ўжо радуе.

А пакуль Кодэкс пішацца, дроны развіваюцца. За тыя хвіліны, што вы глядзіце сюжэт, у свеце напэўна прыдумалі, як дадаць беспілотнікам яшчэ функцый, а яны могуць несці не толькі пазітыў, але і пагрозу. Гэта значыць, да Кодэкса патрэбныя будуць і пісьменныя падзаконныя акты - правілы. Якія змогуць гібка мяняцца разам з развіццём.