Дзень ведаў сёлета стаў і яшчэ адной святочнай нагодай, у прыватнасці, для настаўнікаў і ўрачоў. Перафразуючы вядомую цытату, тых, хто вучыць і дапамагае жыць, падтрымалі матэрыяльна. Працаўнікі бюджэтнай сферы сёння не могуць пахваліцца зааблочнымі заробкамі, пры гэтым менавіта ад іх залежыць здароўе нас і нашых блізкіх, адукацыя дзяцей і ў цэлым узровень культурнага развіцця грамадства.
Аб тым, што трэба падцягваць менавіта тых, у каго нізкія зарплаты, Прэзідэнт нагадваў ураду і губернатарам неаднаразова. Гэтая задача на асаблівым кантролі і заўсёды ў полі зроку Кіраўніка дзяржавы. Адпаведны праект пастановы ўжо падрыхтаваны Саветам Міністраў і адобраны Прэзідэнтам. Што самае важнае, дакумент дазволіць убачыць рэальны істотны дадатак да зарплаты.
Так, пачынаючы з верасня разліковыя лісты ва ўрачоў і медыцынскіх сясцёр пацяжэюць на 20 і 13 працэнтаў адпаведна. Педагогам і памочнікам выхавальнікаў дзіцячых дашкольных устаноў прадугледжана павелічэнне тарыфных ставак на 20%. Павышэнне акладаў правізараў, фармацэўтаў, фізікаў, хімікаў і біёлагаў складзе ад 40 да 100%.
Ад працэнтаў пяройдзем да больш зразумелых рублёў. Ужо за працу ў кастрычніку дацэнтам устаноў адукацыі дадаткова налічаць ледзь больш за 72 рублі, настаўнікам - амаль 65. Памочнікам выхавальніка дабавяць да зарплаты 55 рублёў. Хірургам вышэйшай катэгорыі - 129 рублёў, зарплата медсясцёр аперацыйных першай катэгорыі павялічыцца амаль на 64 рублі. Зарплата правізараў вырасце на 47 працэнтаў, а гэта плюс 180 рублёў у асабісты бюджэт.
Пасля адабрэння дакумента Прэзідэнтам, урад падпісаў Пастанову аб павышэнні зарплат працаўнікоў адукацыі і аховы здароўя. Гэта першы крок да выніковага росту аплаты іх працы ўдвая. Такая задача пастаўлена да 2025 года. Пакуль жа, па выніках года, у сярэднім за месяц у працаўнікоў бюджэтных арганізацый выйдзе больш за 740 рублёў, снежаньская лічба перавысіць 850 рублёў.













