Рэвалюцыйныя змены ў сферы дзелавога клімату

24 сентября 2017

Такім чынам, дзве галоўныя тэмы тыдня - вучэнні "Захад-2017" і разняволенне дзелавой ініцыятывы. Манеўры прайшлі, як было запланавана: вайскоўцы адпрацавалі ўсе задачы, атрымалі высокую ацэнку Кіраўніка дзяржавы і адправіліся ў месцы пастаяннай дыслакацыі. Да гэтай тэмы мы яшчэ вернемся. А вось у сферы дзелавога клімату адбываюцца сапраўды рэвалюцыйныя змены.

Працэс абмеркавання ўладай і прадстаўнікамі бізнес-супольнасці праблем рэгістрацыі, зарэгламентаванасці, залішніх праверак выліўся ў падрыхтоўку цэлага шэрагу дакументаў. У прэсе іх ужо назвалі "ліберальны пакет". Тры з іх на тыдні падпісаныя Прэзідэнтам, над іншымі яшчэ працуюць профільныя ведамствы.

Так, Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ініцыятывы ўрада, якія спросцяць працу рамеснікам і людзям, якія займаюцца агратурызмам. Прапаноўваецца максімальна пашырыць пералік відаў гэтай дзейнасці. Больш свабоды з'явіцца ў майстроў пры продажы сваіх вырабаў. Гэта магчымасць дадатковага заробку, асабліва для людзей на сяле. Акрамя таго, гаспадары аграсядзіб змогуць аказваць шэраг дадатковых паслуг, напрыклад, праводзіць вяселлі і банкеты. Раней былі абмежаванні. Міністэрства эканомікі разлічвае на прыток прадпрымальнікаў у гэтых сферах.

Кіраўнік дзяржавы сустрэўся і са старшынёй Камітэта дзяржкантролю. Леанід Анфімаў прапанаваў Аляксандру Лукашэнку праект указа аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці. У ім прапаноўваецца перайсці ад пакаранняў па факце да прафілактычнай працы. А замест планавых праверак акцэнт зрушыцца на выбарачныя. Акрамя таго, кантралёр больш не зможа выносіць загады аб спыненні дзейнасці прадпрыемства, яго цэхаў, абсталявання і вытворчасці. Гэта права застаецца выключна за кіраўніком, але пры гэтым менавіта на яго кладзецца ўся адказнасць (аж да крымінальнай) за ліквідацыю парушэнняў.

Сачыць за якасцю працы кантралёраў будуць у спецыяльна створаным Міжведамасным савеце пры Камітэце дзяржкантролю. Дакумент аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці - адзін з некалькіх па лібералізацыі бізнесу ў краіне. Урад зараз працуе над поўным пакетам. Дэдлайн 1 кастрычніка. На наступным тыдні да гэтага пытання зноў вернуцца на ўзроўні Прэзідэнта.