Развіццё машынабудавання

29 мая 2016

Машынабудаўнічы комплекс Беларусі - гэта больш за тры сотні прадпрыемстваў. Сюды ўваходзяць як флагманы, нашы нацыянальныя брэнды, так і невялікія, але вельмі важныя для галіны заводы. Праца гэтага сектара - прадмет асаблівай увагі дзяржавы. Як інакш, бо гэта аснова і рухаючая сіла нашай эканомікі.

Гаворачы мовай спецыялістаў, машынабудаванне - гэта і цяглавы матор, і поўны прывад айчыннай прамысловасці, навукі і сацыяльнай сферы. Прэзідэнт за апошні час пабываў амаль на ўсіх найбуйнейшых прадпрыемствах дадзенай галіны. На тыдні Аляксандр Лукашэнка наведаў адно з даччыных прадпрыемстваў холдынга "Амкадор" у Пінску. Гутарка з прамыслоўцамі і работнікамі гэтага завода выйшла за межы адной тэмы.

Сёлета на "Амкадор-Пінск" была завершана маштабная мадэрнізацыя, пачатая пяць гадоў таму. У рамках рэканструкцыі было ўсталявана абсталяванне вядучых сусветных вытворцаў. З такімі тэхналогіямі можна пакараць любыя, у тым ліку і самыя пераборлівыя рынкі. Геаграфія продажаў - ад Расіі, Украіны і да Бангладэша, Турцыі і нават далёкай Зімбабвэ. На тэхнічнае пераўзбраенне было выдаткавана 422 мільярды рублёў.

Пашырыліся цэхі, павялічыліся аб'ёмы прадукцыі. Вырасла і колькасць работнікаў прадпрыемства. Сёння тут працуюць звыш 400 чалавек. "Амкадор" - кампанія прыватная. Але эканамічныя інтарэсы холдынга сугучныя той палітыцы, якую праводзіць дзяржава. З-за знешніх фактараў, курсавой розніцы, неабходнасці абслугоўваць крэдыты на інавацыі холдынг адчувае пэўныя складанасці.

Але сітуацыя часовая і кіраўніцтва канцэрна ўпэўнена, што цяжкасці пераадольныя. Прэзідэнт паабяцаў разгледзець пытанне, якім чынам дзяржава можа падставіць плячо "Амкадору". У найбліжэйшы час у Беларусі будзе вызначана стратэгія далейшага развіцця машынабудавання. У свой час дзяржава захавала гэту галіну. І сёння беларуская тэхніка ў сусветнай гонцы не адстае, а часам і апярэджвае вядучых вытворцаў.

На "Амкадор-Пінск" Прэзідэнт таксама пагутарыў з работнікамі завода. Кіраўнік дзяржавы гаварыў пра падтрымку холдынга, айчыннае машынабудаванне. Даў свае ацэнкі няўдаламу выступленню нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце свету па хакеі. Адно з галоўных пытанняў, на якое Аляксандр Лукашэнка адказаў падрабязна, гэта падрыхтоўка да маючага адбыцца Усебеларускага народнага сходу. Прэзідэнт адзначыў, што чакаецца сур'ёзная дыскусія, у тым ліку і па няпростых пытаннях.