Развіццё льнаводства заўсёды ў фокусе ўвагі Аляксандра Лукашэнкі

20 августа 2017

Пагаворым сёння і яшчэ пра адну культуру, якая па праве лічыцца адным з сімвалаў Беларусі. Пакуль на хлебных нівах заканчваюць убіраць каравай-2017, на іншых палях пажынаюць свой унікальны ўраджай. Лён, як сцвярджаюць аграрыі, адна з самых капрызных культур, але таму і такая каштоўная.

Яшчэ ў канцы 80-х кожную 10-ю тону льновалакна атрымлівалі менавіта на беларускай зямлі. І сёння наша краіна ў пяцёрцы сусветных лідараў па вытворчасці гэтай унікальнай сыравіны. Прэзідэнт напярэдадні пабываў на доследным участку пад назвай "Вусце". Назва адпавядае зместу: навукоўцы тут спецыялізуюцца толькі на вырошчванні льну.

Па сутнасці, гэтае поле ўзорнае, сюды на вучобу прыязджаюць спецыялісты з усёй рэспублікі. Пытанне нумар адзін ад Прэзідэнта - аб рэальных праблемах галіны. Як больш эфектыўна апрацоўваць лён, каб ён прыносіў прыбытак краіне? А ў век з прыстаўкай "эка-" натуральныя валокны карыстаюцца вялізным попытам. Рэнтабельнасць продажаў "паўночнага шоўку" - 70%. Але атрымаць выгаду складана: трэба, каб усе гаспадаркі галіны працавалі аднолькава добра. Даручэнне Прэзідэнта - перш за ўсё вырашыць пытанне з тэхнікай. Для паўнавартаснай уборкі культуры не хапае 40 машын. Цана пытання - 10 мільёнаў долараў.

Развіццё льнаводства заўсёды ў фокусе ўвагі Аляксандра Лукашэнкі. Тэма не раз гучала на нарадах, у тым ліку і спецыяльных, прысвечаных льну. Так што Прэзідэнт, як гавораць журналісты, дасканала ў тэме. Раіць актыўна папрацаваць з новымі кадрамі для галіны, прапаноўвае асобную місію для навукоўцаў. Яны будуць не толькі выступаць у ролі наватараў, але і возьмуць на сябе кантроль вынікаў.

Прэзідэнт таксама прапанаваў вызначыць 5-6 месцаў у краіне, дзе будуць створаныя цэнтры селекцыі. А напрыканцы паводле добрай традыцыі ўсе ўдзельнікі рабочай паездкі паспрабавалі нарыхтаваць лён. "Браць лён" - так называецца ручны спосаб, якім карысталіся ў Беларусі ў ранейшыя часы. Прадстаўнікі вертыкалі ўлады разам з журналістамі агульнымі намаганнямі сабралі сімвалічны сноп і на эксперыментальным полі. Так традыцыйна стагоддзямі завяршалі нарыхтоўку гэтай культуры ў нашай краіне.

Сёння ў Беларусі ўбрана больш як 85% льнопалёў. Сабрана амаль 5,5 тысячы тон насення. Без прастояў працуюць і льнозаводы ўжо з ураджаем гэтага года.

Такім чынам, апрацоўваць капрызны лён няпроста. Вельмі шмат залежыць ад надвор'я, якасці глебаў і добрага падкорму ўгнаеннямі. Але і вынік таго варты. Валокны льну залатыя ва ўсіх сэнсах. На сусветных рынках такая тканіна цэніцца высока. У тым ліку і таму, нягледзячы на ўсе складанасці, у Беларусі ад гэтай спрадвечна нашай культуры не адмовіліся. Тым больш ёсць і школа, і тэхналогіі. І яны, нарэшце, пачынаюць даваць добры вынік, у чым упэўнілася і наша здымачная група.

Святлана Лук'янюк дэталёва вывучыла тэму. Мікалай Цішчанка на трактары ў полі ўжо 9 гадоў. Прыйшоў адразу пасля арміі і застаўся. Лён - культура капрызная і працаёмкая. Тут адмысловы падыход патрэбен. Так што працы безліч. Тым больш плошчы гаспадарка толькі павялічвае.

Чатыры гады таму вырашылі не чакаць сыравіны ад калгасаў, а самім не толькі перапрацоўваць, але і вырошчваць лён. Галоўнае - выканаць усе тэхналогіі. На гэта кінулі і сілы, і сродкі.

Вынік у Мсціслаўскім раёне не прымусіў доўга чакаць. Льнозавод ужо завяршыў уборку. Ураджайнасць - 35 цэнтнераў з гектара. Многае залежыць ад угнаенняў. Часта 3-4 ходкі даводзіцца рабіць для падкорму.

Гэты лён ужо пойдзе на насенне. Гаспадарцы трэба яго да 120 тон. Астатняе змогуць прадаць. Уборку пачынаюць, калі частка насення яшчэ жоўтая. Пасля спяшаюцца. На ўсё пра ўсё дзён 10. Тады і траста будзе якасная, і насенне. А прамарудзіш, і лён пачне абсыпацца.

Гэтае поле - тысяча сто гектараў. Мехатрад - 15 трактароў. Тэхніка і айчынная (трактары МТЗ), і імпартная  (прычапная ўборачная з Бельгіі). Тут гавораць: праца складаная. Многія не вытрымліваюць і адразу сыходзяць. Але той, хто застаецца, ужо на гады.

З поля лён адгружаюць на завод. Перапрацоўваюць за год чатыры тысячы тон ільнотрасты. Якраз у невялікім на першы погляд цэху. Гэтыя аб'ёмы - гарант рэнтабельнай працы. За 17 гадоў іх павялічылі ў пяць разоў.

У жніўні горача не толькі на палях, але і на льнозаводах. На Мсціслаўскім працуюць у тры змены. За суткі апрацоўваюць да 15 тон сыравіны. Пры гэтым падладжваюцца пад запыты пакупнікоў. Гаворка ідзе аб даўжыні валакна і яго крэпасці.

Усё доўгае валакно застаецца ў краіне (бо яго з агульнай колькасці толькі трэць)  і апраўляецца на Аршанскі льнокамбінат. Гэтыя валокны добрыя для тканіны. Лішкі ж кароткага прадаюць у Расію, Літву і Кітай. Абсталяванне на прадпрыемстве яшчэ 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Але працуе, гавораць тут, як гадзіннік, і з аб'ёмамі спраўляецца.

На колер уплывае і хімічная апрацоўка, і надвор'е. Аб гэтым добра ведае і папярэдні дырэктар завода Мікалай Піванкоў. Сёння прадпрыемствам кіруе яго сын, але і бацька тут часта бывае. З ім добра і параіцца ў складаных пытаннях.

Тут гавораць: пад ляжачы камень вада не цячэ. Галоўнае - забяспечыць сябе сырцом. Так што ўжо сёння на Магілёўшчыне думаюць пра ўраджай 2018 года. Як, дарэчы, і на Міншчыне. Гэтае поле Слуцкага раёна. Працы тут набліжаюцца да завяршэння.

Лён у Беларусі - культура адмысловая, і стаўленне да яе такое ж і ў чыноўнікаў, і ў тых, хто працуе ў полі. У сталічным рэгіёне сёлета разлічваюць атрымаць на трэць ураджаю больш, чым летась.

Дырэктар Слуцкага льнокамбіната гэтымі днямі на палях бывае часта. Лепш самому ўсё праверыць, тым больш ад якасці сыравіны залежыць і якасць валакна, і тканіны, а таксама насення. А яно - як зачын на год будучы.

Слуцкі льнокамбінат самы буйны ў вобласці па аб'ёмах перапрацоўкі. Ён мадэрнізаваны. Новая бельгійская лінія павялічыла магутнасці амаль утрая. Праз гэтыя станкі за год праходзіць да 12 тон трасты.

Мінская вобласць сёлета плануе загрузіць канвееры ўсіх сваіх пяці прадпрыемстваў да новага ўраджаю. А гэта лепшы адказ скептыкам, якія не раілі займацца льном у зоне беларускага рызыкоўнага земляробства.