Развіццё Барысаўскага раёна абмяркоўвалі на выязным прэзідыуме Саўміна

30 июля 2017

На чым будзе выязджаць Барысаўскі раён - абмяркоўвалі на тыдні на выязным прэзідыуме Саўміна. Гэта ўжо другі ўрадавы рэйд за межы сталіцы. Два месяцы таму чыноўнікі з Мінска абмяркоўвалі эканоміку і сацыяльную сферу Оршы і найбліжэйшых тэрыторый - Барані і Балбасава. Зараз акцэнт на барысаўскія прадпрыемствы.

Міністры і мясцовая вертыкаль кропкава вывучылі праблемы кожнай вытворчасці. У першую чаргу прамысловых прадпрыемстваў, якім ужо за 50, і, адпаведна, вялікая частка абсталявання тут яшчэ савецкіх часоў. Сярод іх - завод "Аўтагідраўзмацняльнік". Асноўныя пакупнікі - аўтазаводы Расіі - сёння хутка абнаўляюць мадэлі аўто. За імі наш завод проста не паспявае. Падрыхтавалі план мадэрнізацыі. Пад яго грошы просяць ва ўрада. Разлічваюць на інавацыйны фонд, каб купіць новыя станкі. Але тут трэба пралічыць заказы і працаваць разам з іншымі прадпрыемствамі. Стаўку рабіць на кааперацыю. Тады ўкладзеныя сродкі будуць прыносіць даход, а не цалкам з'ядацца выплатай крэдытных даўгоў.

І такі падыход да кожнай вытворчасці, каб у выніку выйсці з мінуса ў плюс. За першае паўгоддзе ўвесь наш прамысловы комплекс паказвае станоўчыя вынікі.

Тут жа, у Барысаўскім раёне, ад мясцовай улады чакаюць новых падыходаў па працы з інвестарамі. Паказчыкі па прыцягненні капіталу падаюць тры гады запар. Таму гэтая тэма чырвонай ніткай прапісана ў комплексным плане мерапрыемстваў па развіцці Барысаўскага раёна. Працы ў плюс чакаюць і ад аграрыяў. Па паўгоддзі недабралі 6 % да плана. Вялікія надзеі на стварэнне аграхолдынга. Сярод іншых даручэнняў - землі і будынкі, якія прастойваюць, трэба ўключаць у гаспадарчы абарот. І больш актыўна выкарыстоўваць транзітны патэнцыял раёна - аўтамабільны і чыгуначны. Да 1 верасня абласная і раённая вертыкаль аб’явіць, як будзе выконваць гэтыя даручэнні.