Працу праваахоўнай і судовай сістэм на тыдні абмяркоўвалі на вялікай нарадзе з удзелам Прэзідэнта

12 марта 2017

Мерапрыемства, здавалася б, традыцыйнае, але вось фармат сапраўды звычайным не назавеш. У адну з самых змяшчальных залаў Палаца Незалежнасці запрасілі 260 чалавек. Акрамя людзей у пагонах, уся вертыкаль улады. Гэта дае магчымасць не толькі пачуць праблемы, але абмеркаваць іх, што называецца, на месцы.

Акрамя скарачэння папяровай і бюракратычнай цяганіны, не абышлі і гучную тэму Дэкрэта № 3. І вось пад якім вуглом. За мінулы год кожнае 4 забойства ўчынена на сямейна-бытавой глебе. 80 % забойстваў - у стане алкагольнага ап'янення. І адна з галоўных прычын такой статыстыкі - незанятасць насельніцтва. Адна з высноў нарады - папярэдзіць утрыманства - шмат у чым азначае папярэдзіць злачыннасць.

У цэлым штогод людзі ў пагонах прыкметна прасоўваюцца ў барацьбе са злачыннасцю, умацоўваючы Беларусь у дзясятку самых бяспечных краін свету. За 2016 колькасць злачынстваў знізілася больш як на 4 %. Менш стала і асабліва цяжкіх злачынстваў.

Скарацілася і колькасць эканамічных махінацый. Незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю сталі займацца ледзь ці не ўдвая радзей. Таксама значны паказчык. Ёсць і дынаміка ў барацьбе з самым небяспечным злом - наркотыкамі. За мінулы год колькасць такіх злачынстваў знізілася на 14 %. Але, на жаль, колькасць смерцяў ад наркотыкаў расце. Вось якія факты прыводзіць Дзяржсакратар Савета бяспекі.

Лейтматыў нарады - праваахоўная сістэма павінна быць эфектыўнай. А значыць і кампактнай, без размытых паўнамоцтваў і дубліравання функцый. Аснашчаныя і падрыхтаваныя кадры, вопытныя прафесіяналы, а галоўнае - зніжэнне ўзроўню злачыннасці ў краіне. Усе перадумовы для аптымізацыі сёння ёсць, але Кіраўнік дзяржавы заклікае праводзіць яе ўзважана. Бо аптымізацыя не азначае простае звальненне супрацоўнікаў.

На нарадзе Кіраўнік дзяржавы называе праблемы і ставіць задачы перад кожным сілавым ведамствам. Напрыклад, МУС варта больш уважліва сачыць за чысцінёй сваіх радоў. Успомнілі гучную справу, калі пад коламі аўто, якім кіраваў п'яны міліцыянер, загінула дзяўчына. Гэта сур'ёзны званок і факт, які нельга пакінуць без увагі.

А вось што чакаюць ад іншых ведамстваў. Следчы камітэт арыентуюць на большую раскрывальнасць. Пагранічнікаў - на хуткасць праходжання мяжы, пры гэтым асаблівую ўважлівасць да кантрабандыстаў. Увагу Камітэта дзяржбяспекі канцэнтруюць на контрразведцы і антытэроры, а Генпракуратуры - на павелічэнні сумы пакрыцця ўрону, прычыненага злачынствамі. МНС просяць не палохаць штрафамі, а дапамагаць кіраўнікам прадпрыемстваў пазбегнуць патэнцыяльных пагроз.