На тыдні Прэзідэнт Беларусі прыняў з дакладам Старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка.
Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу жорстка спыняць дзейнасць у сферы ценявой эканомікі. Як далажылі Прэзідэнту, такая работа ўжо пачатая. Удзельнікі шэрых схем выводзяць з абароту сродкі, не выплачваюць падаткі і атрымліваюць вялізны прыбытак. У прыватнасці, напярэдадні ў Брэсце затрымана кіраўніцтва ЗАТ "Консул". Кампанія - адзін з буйных пастаўшчыкоў прадукцыі для АПК краіны. Выкарыстоўваючы падкантрольныя фірмы, камерсанты выводзілі за мяжу валюту, ухіляліся ад выплаты падаткаў і рэалізоўвалі прадукцыю канчатковаму спажыўцу з завышэннем цаны да трох разоў. У выніку сарака васьмі вобыскаў выяўлена і канфіскавана 36 пячатак замежных кампаній, праз рахункі якіх вялося кіраванне ценявымі патокамі. Накладзены арышт больш чым на 2 мільёны долараў. Акрамя таго, арышты накладзеныя на 106 аб'ектаў нерухомасці, больш за сотню легкавых і грузавых аўтамабіляў.
У чацвер на вышэйшым узроўні абмяркоўвалі стратэгію аздараўлення найважнейшай галіны беларускай эканомікі. Антыкрызісны план дрэваапрацоўкі прагучаў у ключы фінальнага. Далей - толькі вынік, адзначыў Прэзідэнт. З 2007 года дзяржава інвесціравала ў дзевяць базавых прадпрыемстваў галіны звыш 1 мільярда еўра. Мадэрнізацыя на многіх з іх усё ж завяршылася, але руху наперад перашкаджае абвальная ў прамым сэнсе сітуацыя з цэнамі на знешніх рынках і закрэдытаванасць. Згодна з указам Прэзідэнта, дзяржава гатовая раздзяліць пазыковы цяжар дзевяці базавых прадпрыемстваў, але з умовай стварэння эфектыўных антыкрызісных стратэгій. Праблемныя актывы Банк развіцця возьме пад сваё крыло з умовай, што заводы палепшаць сістэмы кіравання, продажаў і па максімуме знізяць выдаткі.













