Рабочы тыдзень Прэзідэнта

16 августа 2015

Дзяржава пакуль не мае намеру прадаваць Мінскі завод колавых цягачоў. Гэта Прэзідэнт заявіў у пятніцу падчас наведвання прадпрыемства. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што прапаноў па прыватызацыі і продажы МЗКЦ паступае шмат. Вельмі актыўна ў гэтым напрамку паводзіць сябе Расія. Тым не менш, нягледзячы на павышаную цікавасць звонку, перадумоў для продажу няма. Прэзідэнт падрабязна азнаёміўся з працай найважнейшых цэхаў і ўчасткаў завода. МЗКЦ у лічбах сёння выглядае больш чым пераканаўча. Мадэрнізацыю пачалі яшчэ ў 2007-м спачатку за кошт крэдытаў, але апошнія тры гады поўнасцю з уласнага прыбытку. У выніку: экспарт падвоіўся, а прыбытак вырас у восем з паловай разоў. Адно з патрабаванняў Прэзідэнта - не будаваць новыя цэхі, а дзяліцца заказамі з іншымі калектывамі.

Пасля экскурсіі па прадпрыемстве Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з працоўным калектывам. Будучыня МЗКЦ не адзіная тэма. Пыталіся пра новыя рабочыя месцы для моладзі, будаўніцтва арэнднага жылля, а яшчэ пра геапалітыку і сітуацыю ва Украіне.

У чацвер Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Акадэміі навук Уладзімірам Гусаковым. Аптымізацыя і ўдасканаленне навуковай сферы. Гэтыя тэмы сталі ключавымі. Ужо вызначана: прыярытэтамі беларускай навукі на найбліжэйшыя пяць гадоў стануць энергетыка, бія-, нана- і медтэхналогіі. Адна з задач, якую ставіць Кіраўнік дзяржавы, - інавацыйнае развіццё эканомікі. Навуковыя даследаванні павінны прыносіць краіне рэальны эфект. Як расказаў Уладзімір Гусакоў, зараз у акадэміі праходзіць структурная і кадравая аптымізацыя, ідзе амаладжэнне кадраў. Сярэдні ўзрост беларускага навукоўца - 45 гадоў.

І, дарэчы, пра сярэдні ўзрост, узровень адукацыі, дастатак і іншыя сацыяльныя паказчыкі. Яшчэ адна тэма тыдня. Перапіс насельніцтва неабходна правесці з мінімальнымі выдаткамі. Такую задачу Аляксандр Лукашэнка паставіў ураду і Белстату. Плануецца, што маштабная кампанія пройдзе ў нашай краіне ў 2019 годзе. Гэта значыць часу і сродкаў, каб усё правесці якасна, дастаткова. Па рэкамендацыі ААН, перапіс праводзяць кожныя 10 гадоў. Папярэдні раз беларусаў пералічылі ў 2009-м. Будучая кампанія пройдзе па той схеме і з дапамогай тых метадаў, якія прапануе ўрад і статкамітэт, зыходзячы з рэалій сённяшняга дня. Новую задуму правядзення перапісу Прэзідэнт даручыў падрыхтаваць ужо да канца жніўня.