Рабочы тыдзень Прэзідэнта

7 августа 2016

Зарплаты, пенсіі, дапамогі. На тыдні Кіраўнік дзяржавы прыняў з дакладам міністра працы і сацабароны Мар'яну Шчоткіну. Зараз ідзе фарміраванне праекта бюджэту і фонду сацыяльнай абароны на будучы год. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што памер пенсій не павінен быць ніжэйшы за 40 працэнтаў ад сярэдняй зарплаты па краіне. Гаворка ішла і аб праекце ўказа, што датычыцца пытанняў удасканалення пенсіённага забеспячэння некаторых вайскоўцаў. Прапісаная ў дакуменце норма закранае 2 тысячы чалавек, якія былі звольненыя з Узброеных сіл у пачатку 90-х. Тады пенсія ім была прызначаная ў няпоўным памеры, а сёння з-за змяненняў у заканадаўстве яны не могуць перайсці з невысокай ваеннай на працоўную. Для такіх вайскоўцаў прапануецца вызначыць павелічэнне ваеннай пенсіі за кожны год працы пасля яе прызначэння на 1 працэнт грашовага забеспячэння.

Яшчэ адзін пункт у рабочым графіку Прэзідэнта - сустрэча са старшынёй Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. Генадзь Пальчык праінфармаваў, на чым зараз будуецца праца ВАК і як праходзіць амаладжэнне навуковых кадраў у Акадэміі навук, сферы адукацыі і рэальным сектары эканомікі. Раней у Беларусі было вырашана захаваць дзяржсістэму прысваення вучоных ступеняў і званняў і такім чынам удалося не дапусціць у навуку аўтараў слабых прац, пазбегнуць скандалаў з плагіятам. Летась 48 чалавек сталі дактарамі і больш за паўтысячы - кандыдатамі навук. Адна з задач, якую ставіць Кіраўнік дзяржавы, - інавацыйнае развіццё эканомікі. Прасцей кажучы, навуковыя даследаванні павінны прыносіць рэальны эфект.

Цікавая сустрэча гэтага тыдня. У панядзелак Аляксандр Лукашэнка прымае гендырэктара і ўладальніка кампаніі "Штадлер Рэйл Груп" Петэра Шпулера. Лейтматыў - Беларусь гатовая развіваць супрацоўніцтва з кампаніяй. А супрацоўніцтву між іншым ужо 6 гадоў. Пачатак яму паклала набыццё дзесяці швейцарскіх электрычак. Тэхніка зарэкамендавала сябе добра, і ўказам Прэзідэнта Беларусі было створана сумеснае прадпрыемства.

У лістападзе 2014 года ў Фаніпалі адкрыўся беларуска-швейцарскі завод "Штадлер Мінск". Сёння гэта паспяховы сумесны праект. Памер інвестыцый - больш за 50 мільёнаў долараў. Сёння гэта адна з самых сучасных вытворчасцяў у Еўропе.

На сустрэчы ў Палацы Незалежнасці таксама абмяркоўвалі магчымасць вытворчасці "Штадлер Мінск" цягнікоў для трэцяй лініі сталічнага метрапалітэна.