На тыдні ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта апынулася сфера лёгкай прамысловасці

30 августа 2015

На тыдні ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта апынулася сфера лёгкай прамысловасці. Рэнтабельнасць, сабекошт і экспарт - доўгі час традыцыйна былі болевымі месцамі большасці вытворчасцяў. Сёння сітуацыю атрымалася змяніць. Рэцэпт - у мадэрнізацыі, якая ў гэты момант вядзецца ледзь ці не на ўсіх прадпрыемствах сектара. Клубок праблем паступова разблытваецца. Тэкстыльшчыкі менш працуюць на склад, пашыраюць геаграфію продажаў, уводзяць у свае каталогі і зусім незвычайныя прадукты. Такія, як, напрыклад, прасціны з водарам лаванды і абрусы з эфектам лотаса, а таксама абутак з ільну.

Прэзідэнт рэгулярна наведвае прадпрыемствы галіны, каб асабіста пракантраляваць ход абнаўлення вытворчасці. На тыдні Аляксандр Лукашэнка пабываў у Баранавіцкім баваўняным аб'яднанні. Камбінат пасля рэканструкцыі нарошчвае і аб'ёмы, і асартымент, і нават пастаўкі за мяжу. Вось толькі выплаты па крэдытах, узятых на новыя лініі, абмяжоўваюць фінансавыя магчымасці прадпрыемства.

Як мадэрнізацыя змяняе аблічча легпрама, ці стане лён беларускім золатам, і калі скончаць пераўзбраенне флагманы галіны? Як шыць далей? Вялікі рэпартаж Аляксея Адашкіна.

Аршанскі льнокамбінат, які ў снежні адзначыць сваё 85-годдзе, нягледзячы на гэткі самавіты ўзрост, актыўна эксперыментуе і з формай, і з колерам, і з фактурай. Прадпрыемства, як гаворыцца, перажывае другое нараджэнне пасля мадэрнізацыі. Новыя машыны ў некалькі разоў павялічылі аб'ёмы прадукцыі. Цэхі пасля тэхпераўзбраення працуюць у тры змены, каб паспець выканаць усе заказы. Сучаснае абсталяванне дазваляе вырабляць модную і запатрабаваную тканіну з той сыравіны, якая ў былыя гады ішла на выраб радна і шпагату.

Ігар Ешчанка, начальнік упраўлення распрацоўкі асартыменту і рэкламы прадукцыі РУВП "Аршанскі льнокамбінат": "Мы з гэтага прадукту, які не вельмі добрай якасці: тут відаць - зблытаныя кароткія валокны з вялікай колькасцю кастрыцы, пустазельных прымешак, мы можам атрымліваць годны прадукт - гэта катанізаванае валакно".

Катанізаванае - калі перакладаць на рускую, то гэта азначае "бавоўнападобнае". Лён, які ўбіраюць з беларускіх палёў, дае ўсяго 30% доўгага, самага запатрабаванага валакна. А вось з кароткага метадам катанізацыі можна выпускаць якасную пражу, якая адкрывае прастору для палёту фантазіі дызайнераў. Больш як 75% прадукцыі Аршанскага камбіната ідзе на экспарт. Геаграфія паставак уключае ў сябе 40 краін. Камбінат забяспечвае 8% сусветнага рынку льняной тканіны.

Дзмітрый Мураўёў, намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях РУВП "Аршанскі льнокамбінат": "Дзякуючы мадэрнізацыі на Аршанскім ільнокамбінаце палепшылася якасць прадукцыі. Павялічыліся аб'ёмы. На Аршанскім ільнокамбінаце больш як 5000 артыкулаў гатовай прадукцыі, камплектаў пасцельнай бялізны - больш за 600 артыкулаў, сталовыя камплекты, што складае 120 артыкулаў".

Сёння тэкстыльшчыкі працуюць пад заказ. Гэта гарантаваны збыт, а значыць - грошы. Прымерыць вопратку з лёгкага і тонкага беларускага льну можна ў адным з двух дзясяткаў фірмовых магазінаў. Тавараправодная сетка Аршанскага льнокамбіната ахоплівае не толькі рэгіёны Беларусі, але і Расію, Польшчу і Эстонію. Зараз на прадпрыемстве пачынаюць другую чаргу мадэрнізацыі вытворчасці - на абнаўленне будзе выдаткавана каля 50 мільёнаў долараў. Але яно таго варта - упэўненыя тут. А былі поры, калі гэтая вытворчасць знаходзілася ў поўным заняпадзе.

Вярнуць Беларусі статус ільняной дзяржавы і вывесці галіну з крызісу - ініцыятыва Прэзідэнта. З 1998 года дзейнічае праграма "Лён". Аляксандр Лукашэнка асабіста сочыць за яе рэалізацыяй. На Аршанскім камбінаце Кіраўнік дзяржавы быў і ў мінулым верасні.

Попыт на знешніх рынках вялізны, абсталяванне пастаўлена сучаснае. І, вядома, спажывецкі патрыятызм можа істотна паўплываць на продажы як Аршанскага камбіната, так і астатніх прадпрыемстваў галіны.

Баранавіцкае баваўнянае аб'яднанне - яшчэ адзін гігант лёгкай прамысловасці з багатай гісторыяй і планамі на паспяховую будучыню.

Гэты камбінат пачаў працаваць яшчэ ў 60-ыя. Тады пад адным дахам была наладжана прадзільная, ткацкая і апрацоўчая вытворчасці. І фактычна да пачатку нулявых тканіны адгэтуль адпраўляліся на іншыя швейныя фабрыкі, бо ўласнай не было.

У 2001-м з'яўляецца новае абсталяванне. Сярод былых саюзных рэспублік такіх машын не мае ніхто. Тады лінію дэманструюць і Кіраўніку дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка пакідае памятны надпіс на адрэзе тканіны: "Асвоіце гэтую машыну - дапамагу купіць новую".

Аўтограф захавалі ў мясцовым музеі. Станкі асвоілі. І папрасілі яшчэ. Тры гады таму пачалася маштабная мадэрнізацыя вытворчасці, на якую выдаткавалі 35 мільёнаў еўра. Былі закупленыя і ўсталяваныя больш за 200 сучасных нямецкіх, японскіх, швейцарскіх станкоў, якія сёння выпускаюць прадукцыю сусветнага ўзроўню. Наведваючы на гэтым тыдні прадпрыемства, Прэзідэнт нават наўмысна змяніў першапачаткова запланаваны маршрут і каля гадзіны аглядаў абноўленыя цэхі. Важна, што мадэрнізацыя праходзіла без спынення працы камбіната. Гэта дапамагло захаваць кадры.

Сучаснае абсталяванне вызваліла вытворчыя плошчы. Даручэнне Прэзідэнта - выкарыстаць кожны метр так, каб ён працаваў і прыносіў выгаду. Новыя станкі значна пашырылі асартымент. У каталогах прадпрыемства з'явіліся такія навінкі, як пасцельная бялізна з клімат-кантролем, тканіна з эфектам лотаса і нана-пакрыццём, а таксама прасціны з пахам лаванды і лайма. Аналагаў у СНД ніхто не вырабляе.

Бізнес-план мяркуе, што мадэрнізацыя дазволіць павялічыць экспарт у 9 разоў. Зараз прыкладна трэць прадукцыі камбіната ідзе за мяжу. Нядаўна прадпрыемства падпісала кантракт з Расійскай чыгункай на пастаўку бялізны. Ва ўкраінскіх цягніках таксама будуць спаць на беларускіх прасцінах. Дарэчы, тэхнічнае пераўзбраенне ў лёгкай прамысловасці - гэта той самы выпадак, калі менавіта памер мае значэнне і прамы ўплыў на продажы.

Вось аўстрыйскі станок коштам 900 тысяч еўра. Дазваляе працаваць з палатном больш чым 3 метры. Такое павелічэнне дазволіла выйсці на еўрапейскі рынак пасцельнай бялізны. Там не ведаюць звыклыя нам паняцці "2-спальнае, 1,5-спальнае", а аперуюць "кінг-сайз" - каралеўскі памер.

Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Пастаўкі ў Еўрасаюз сёлета выраслі ў тры з паловай разы. Прадукцыя Баранавіцкага прадпрыемства нават трапіла ў адзін з найбуйнейшых каталогаў Германіі, з дапамогай якога немцы робяць пакупкі дыстанцыйна. Спажыўцы на Захадзе спешчаныя разнастайнасцю прапаноў, таму, акрамя якасці матэрыялаў і правільных памераў, важна прапаноўваць і актуальны дызайн. Над гэтым у Баранавічах зараз працуюць асабліва. Прэзідэнт даручыў звярнуць увагу на сабекошт і знізіць выдаткі, якія напрамую ўплываюць на канкурэнтаздольнасць.

Яшчэ адзін флагман лёгпрама, на якім зараз вядзецца рэканструкцыя, - гэта мінскі "Камволь". Завершаныя два з чатырох этапаў абнаўлення вытворчасці. Пасля заканчэння прац магутнасці вырастуць у шэсць разоў.

У мінулым месяцы Прэзідэнт правёў нараду па мадэрнізацыі гэтага прадпрыемства. Кіраўнік дзяржавы даў жорсткае даручэнне прытрымвацца графіка тэхнічнага пераўзбраення, а таксама праверыць кошт.

Важная ўстаноўка для кіраўніцтва прадпрыемства - пошук і заваяванне новых рынкаў. Фінансавыя праблемы ў звыклых партнёраў ператвараюць маркетынгавую службу ў адзін з галоўных рухавікоў продажаў.

Лёгкая прамысловасць сёння ў Беларусі прадстаўлена амаль сотняй прадпрыемстваў, на якіх працуюць 66 тысяч чалавек. Тэхнічнае пераўзбраенне ў той або іншай ступені ў дадзены момант праходзіць практычна ва ўсіх арганізацыях галіны. Дзяржава падставіла плячо, прафінансавала мадэрнізацыю. Зараз у гульню павінен уступіць менеджмент прадпрыемстваў. Ва ўмовах рыначнай эканомікі бізнес, як і вытворчасць, лёгкімі не бываюць.

Дарэчы, у чацвер у калектыву Баранавіцкага баваўнянага аб'яднання была магчымасць напроста пагутарыць з Прэзідэнтам. Пытанні гучалі самыя розныя. Спыталі пра змяненні ў працягласці дэкрэтнага водпуску - тут усё застанецца, як і было раней - 3 гады. Цікавіліся будаўніцтвам жылля і льготнымі крэдытамі - Прэзідэнт параіў больш актыўна ўзводзіць арэндныя квадратныя метры. Спыталі і пра парадак выхаду на пенсію - у Беларусі ён застанецца нязменным.