Зараз да тэм, якія на тыдні абмяркоўвалі на самым высокім узроўні. Пачнем з сельскай гаспадаркі. У аўторак Аляксандр Лукашэнка ажыццявіў рабочую паездку ў Мінскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы гаварыў пра новую тактыку развіцця сяла. У прыватнасці, Прэзідэнт прапанаваў у дадатак да аграгарадкоў вызначыць у кожным раёне па некалькі перспектыўных вёсак і забудоўваць іх даступным жыллём.
Яшчэ адна тэма тыдня. Няпростае становішча ва ўсходнееўрапейскім і цэнтральнаазіяцкім рэгіёнах Прэзідэнт абмеркаваў на сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ. Паводле слоў Мікалая Бардзюжы, арганізацыя занепакоеная спробамі НАТА ўблытацца ў падзеі ва Украіне. Ён лічыць вельмі трывожнай інфармацыю, што ў шасці дзяржавах фарміруюцца пункты кіравання войскамі. Бо гэта не што іншае, як стварэнне інфраструктуры для вядзення баявых дзеянняў. Генсак АДКБ таксама паведаміў Прэзідэнту і пра некаторыя прапановы ў сферы ваеннага супрацоўніцтва, шэраг з якіх Кіраўнік беларускай дзяржавы падтрымаў.
У першай палове мая ў Мінску з візітам чакаюць Старшыню КНР Сі Цзіньпіна. Гэта стане найважнейшай знешнепалітычнай падзеяй. А на гэтым тыдні ў Беларусь прыбыў намміністра камерцыі Кітая, каб абмеркаваць гандлёва-эканамічныя аспекты сустрэчы на вышэйшым узроўні. Дарэчы, за апошнія месяцы Чжун Шань - ужо трэці высокапастаўлены чыноўнік з Пекіна, які наведаў Мінск.
Сёння Паднябесная - самы магутны інвестар у свеце. З удзелам кітайскіх партнёраў у Беларусі рэалізуюцца 20 інвестпраектаў. За апошнія 6 гадоў кітайскія банкі адкрылі Беларусі крэдытныя лініі на чатырнаццаць мільярдаў долараў. Аднак пад гэтыя сродкі не заўсёды ёсць дастатковая колькасць эфектыўных праектаў. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка, калі прымаў на тыдні з дакладам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. На сёння найбуйнейшыя сумесныя аб'екты - гэта вытворчасць легкавых аўтамабіляў і індустрыяльны парк "Вялікі камень". Дарэчы, на пляцоўцы работы ўжо ідуць поўным ходам. Менавіта гэты праект павінен стаць асноўнай платформай па адраджэнні Шаўковага шляху, які злучае Азію і Еўропу.
Беларусь гатовая інтэнсіўна нарошчваць эканамічныя паказчыкі, і першым чынам экспарт у Паднябесную. Вось ужо два гады тавараабарот перавышае чатыры мільярды долараў, але гэта не канец. Таму ключавым аспектам з'яўляецца прамое супрацоўніцтва з рэгіёнамі КНР. Гэта стала адной з тэм нарады ў Кіраўніка дзяржавы. Абласцям Беларусі варта наладзіць пабрацімскія сувязі з кітайскімі правінцыямі, гэта дасць імпульс да эканамічнага супрацоўніцтва.













