Пачнем другую частку праграмы з пунктаў рабочага тыдня Прэзідэнта. Павелічэнне тавараабароту да паўмільярда долараў, вытворчая кааперацыя і міжпарламенцкі дыялог - гэтыя і іншыя тэмы Кіраўнік беларускай дзяржавы ў аўторак абмеркаваў са спікерам сербскага парламента Маяй Гойкавіч.
Летась тавараабарот Беларусі і Сербіі склаў крыху больш за 245 млн долараў, амаль на траціну вырас адносна 2013 года. Але, на думку Аляксандра Лукашэнкі, гэта далёка не ўсё. Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што традыцыйна дружалюбныя беларуска-сербскія адносіны будуць умацоўвацца і ў далейшым.
У рабочым графіку Прэзідэнта на тыдні быў і Азербайджан - там стартавалі Першыя Еўрапейскія гульні. І, нягледзячы на арганізацыйны клопат, Ільхам Аліеў і Аляксандр Лукашэнка знайшлі час для асабістай сустрэчы, на якой адзначылі моцны падмурак двухбаковых адносін. Высока ацаніў Прэзідэнт Беларусі і ўзровень падрыхтоўкі Азербайджана да правядзення Першых Еўрапейскіх гульняў.
Крыху пазней Аляксандр Лукашэнка разам з лідарамі іншых дзяржаў з віп-ложы сачыў за афіцыйнай цырымоніяй адкрыцця Першых Еўрапейскіх гульняў.