Працоўны тыдзень Прэзідэнта

12 апреля 2015

Ход будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната ў панядзелак абмяркоўвалі ў Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам, які курыруе гэты праект. На думку Прэзідэнта, будаўніцтва Гарлыкскага камбіната даказвае, што Беларусь умее ствараць сучасныя прадпрыемствы.

Завод будуецца на адным з багатых радовішчаў калійных солей - на паўднёвым усходзе Туркменістана. Работы вядуць беларусы, сутыкаючыся пры гэтым з геалагічнымі асаблівасцямі мясцовасці. Але нават гэта не перашкаджае спецыялістам ісці па графіку. Кошт кантракта на будаўніцтва камбіната пад ключ складае мільярд долараў. Першую партыю руды прадпрыемства плануе атрымаць у сярэдзіне 2016 года.

У чацвер Палац Незалежнасці зноў прымаў расійскіх гасцей. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком Чувашыі Міхаілам Ігнацьевым. Прэзідэнт ахарактарызаваў рэспубліку як стабільнага гандлёва-эканамічнага партнёра нашай краіны. Летась нагандлявалі амаль на 85 мільёнаў долараў. Аднак гэты вынік не адказвае патэнцыялу двух бакоў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, важкі дадатак да лічбы змогуць забяспечыць новыя праекты ў сферы прамкааперацыі і будаўніцтва, а таксама ўзмацненне супрацоўніцтва ў сферы аграпрамысловага комплексу.

Тарыфы на пасажырскія перавозкі ў найбліжэйшы час павышацца не будуць. Такое рашэнне прынята на нарадзе ў Кіраўніка дзяржавы аб сітуацыі ў транспартнай галіне. Напярэдадні гутаркі незалежныя эксперты праводзілі маніторынг у гэтай сферы. Як было даложана Кіраўніку дзяржавы, крызісныя фактары ў сусветным гандлі адбіліся і працы айчынных транспартнікаў. Прасцей кажучы, рынак сціскаецца, падае транзіт. На думку буйных гульцоў рынку, у цяперашніх эканамічных умовах трэба шукаць новыя формы зніжэння выдаткаў, тым самым павышаючы эфектыўнасць. 

Па выніках нарады Кіраўнік дзяржавы адобрыў ідэю стварэння нацыянальнага аператара транспартна-лагістычных паслуг.